Рэдакцыя недзяржаўнай газеты «Брестский курьер» 3 студзеня атрымала ліст – копію адказу Міністэрства сувязі і інфарматызацыі дэпутату Палаты прадстаўнікоў Валянціне Качан.

Дэпутат з Брэста В. Качан звярнулася ў снежні ў Мінсувязі з прычыны выключэння газеты «Брестский курьер» з падпіснога каталога на 2007 год і адмовы Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» распаўсюджваць газету па падпісцы, а таксама дастаўляць ў раённыя цэнтры вобласці.

У афіцыйным адказе дэпутату за подпісам намесніка міністра сувязі Н. Гаўрылавай сцвярджаецца, што на працягу 2006 году газета «Брестский курьер» «не ў поўнай меры выконвала ўмовы дамовы, што выклікала за сабой дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя выдаткі з боку пошты. На парушэнне дамоўных абавязкаў неаднойчы указвалася рэдакцыі газеты кіраўніцтвам Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта».

«За мінулы год, як і за 16 гадоў існавання газеты, рэдакцыя «Брестского курьера» не атрымоўвала ад кіраўніцтва пошты ніводнага пісьмовага паведамлення, дзе б узгадваліся факты парушэння дамоўных абавязкаў з боку рэдакцыі», – паведаміў супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар «Брестского курьера» Мікалай Аляксандраў.

Больш таго, нагадаем, у верасні мінулага года Брэсцкі філіял РУП «Белпошта» даслаў у рэдакцыю «Брестского курьера » прапанову ўключыць выданне ў падпісны каталог на 2007 год.

Рэдакцыя выканала ўсе неабходныя ўмовы і атрымала ад Брэсцкага філіялу «Белпошты» афіцыйнае пацверджанне, што газета ўключана ў каталог.

Але потым лістом ад 10 кастрычніка 2006 г. кіраўніцтва гэтага ж філіяла паведаміла, што «дамова на распаўсюд і дастаўку «Брестского курьера» заканчваецца 31 снежня 2006 года і далей працягнута не будзе. У сувязі з гэтым на новы падпісны перыяд газета будзе выключана з Каталога перыядычных выданняў».

Прычына адмовы распаўсюджваць газету ў лісце названа не была. Адначасова сярод супрацоўнікаў паштовых аддзяленняў была распаўсюджана службовая інфармацыя, што падпіска на «БК» прыпынена «часова, да асобнага указання».

Паводле словаў Мікалая Аляксандрава, пасля скасавання падпіскі на «Брестский курьер» да «Белпошты» пачалі звяртацца чытачы выдання, прадстаўнікі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый. У выніку перамоў кіраўніцтва рэдакцыі і пошты падпіска на газету «Брестский курьер» была адноўлена толькі з 15 снежня 2006 году.

За апошнія дзесяць дзён падпісной кампаніі (з 15‑га па 25‑га снежня) на «Брестский курьер» падпісалася 540 чалавек. Мікалай Аляксандраў мяркуе, што калі б падпіска адбывалася ў звычайным рэжыме, колькасць падпісчыкаў складала, як мінімум 2000 чалавек.

«Калі ўлічыць, што індывідуальная падпіска аднаго асобніка газеты на адзін месяц прыносіць рэдакцыі 2600 рублёў, а пошце – 2640 рублёў, можна казаць, што РУП «Белпошта» па ўласнай ініцыятыве пазбавілася вялікай сумы грошай» – паведаміў галоўны рэдактар «Брестского курьера».

Нагадаем, падчас падпісных кампаній на 1‑е і 2‑е паўгоддзе 2006 года «Белпошта» таксама прыпыняла без тлумачэнняў падпіску на недзяржаўную газету «Брестский курьер».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?