Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры перакананы, што беларускія ўлады павінныя выпусціць іншадумцаў з турмаў.

«Гісторыя паказвае, што наяўнасць іншадумцаў у турмах ніколі не ўзвялічвае дзяржаву», — заявіў М. Рэнеры на ўрачыстым прыёме ў гонар нацыянальнага свята — Дня ўзяцця Бастыліі. Пры гэтым ён параўнаў сённяшніх асуджаных прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзянскай супольнасці з вялікімі вязнямі Бастыліі. «Сёння свет добра памятае імёны зняволеных Бастыліі: Вальтэр, Бамаршэ. Але імёны суддзяў гісторыя забыла назаўсёды!» — сказаў французскі дыпламат.

М. Рэнеры падкрэсліў, што «пытанне прымірэння цяпер досыць актуальнае для Беларусі». Пасол адзначыў, што Францыі заўсёды ўдавалася аб’ядноўваць супрацьлеглыя погляды. «У 1792 годзе, калі ўся Еўропа выступіла супраць французскай рэвалюцыі, мы з’ядналі ўсе нашы сілы, каб выйграць бітву пры Вальмі. А пасля заканчэння Другой сусветнай вайны генерал дэ Голь аднавіў Францыю разам з урадам нацыянальнага адзінства, у якім былі і камуністы, і прадстаўнікі правых сіл».

М. Рэнеры таксама выказаў упэўненасць, што «Беларусі не варта пераконваць іншых, што існуе пагроза яе дзяржаўным межам».

«Я лічу, што ваша краіна стане мацнейшай, калі на яе тэрыторыі будуць улічвацца ўсе думкі.

Францыя хацела б супрацоўнічаць менавіта з аб’яднанай і прыміранай Беларуссю», — канстатаваў дыпламат.

Прамова пасла была сустрэтая гучнымі і працяглымі апладысментамі,

на што ён заўважыў: «Апладзіраваць сёння можна».

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Сяргей Маліноўскі, які прысутнічаў на дадзеным мерапрыемстве, у зваротнай прамове заявіў, што «наша краіна зацікаўленая ў супрацоўніцтве на аснове агульнапрынятых міжнародных прынцыпаў, узаемнай павагі, канструктыўнага дыялогу, неўмяшання ва ўнутраныя справы, на аснове павагі да традыцый, гісторыі і разумення сітуацыі гістарычных працэсаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?