Нацбанк будзе і далей павышаць стаўку рэфінансавання, заявіў падчас анлайн-відэабрыфінгу 14 ліпеня ў Мінску старшыня праўлення «МТБанка» Андрэй Жышкевіч.

Паводле яго слоў, Нацбанк, павышаючы стаўку рэфінансавання, «дзейнічае цалкам правільна з пункту гледжання макраэканомікі; стаўка рэфінансавання павінна быць блізкая да ўзроўню інфляцыі».

На яго погляд, аптымальнай з’яўляецца стаўка рэфінансавання «ў межах 40–45%». «Менавіта столькі склаў індэкс спажывецкіх цэн у чэрвені гэтага года ў параўнанні з леташнім чэрвенем», — зазначыў банкір.

Павышэнне стаўкі рэфінансавання адаб’ецца на ўзроўні ставак па крэдытах і дэпазітах у цэлым па рынку, якія таксама ўзрастуць, сказаў ён. Закранаючы праблему падаражання крэдытаў, Жышкевіч падкрэсліў, што важным з’яўляецца тое, «наколькі стаўка перавышае ўзровень натуральнай інфляцыі; такім чынам і вымяраецца рэальны кошт крэдытаў і дэпазітаў».

Старшыня праўлення «МТБанка» мяркуе, што крэдытаатрымальнікі здольны справіцца з падаражаннем пазыковых сродкаў. Пры гэтым банкі таксама не застаюцца ў баку ад гэтай праблемы. Паводле слоў Жышкевіча, каб стварыць для кліентаў камфортныя ўмовы крэдытавання, шэраг банкаў стаў актыўна развіваць такую форму крэдытавання, як куплю рублёвых аблігацый.

«Кліент, як змяніў банкаўскі крэдыт на аблігацыю, атрымлівае змяншэнне працэнтнай стаўкі»,- зазначыў ён.

Апошні раз стаўка рэфінансавання была павышана 13 ліпеня — з 18 да 20% гадавых.

Гэта ўжо шостае з пачатку 2011 года павелічэнне стаўкі. Яна павышалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12%), 20 красавіка (да 13%), 18 мая (да 14%), 1 чэрвеня (да 16%) і 22 чэрвеня (да 18% гадавых).

«Планамернае павышэнне працэнтных ставак будзе садзейнічаць узмацненню прыцягальнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках, умацаванню курсу нацыянальнай валюты і тым самым росту даверу да яе з боку ўсіх эканамічных агентаў», — пракаментаваў Нацбанк змяненне стаўкі.

Між тым асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год прадугледжана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10% гадавых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?