Яна замыкае пяцёрку краін, якія, на думку расійцаў, уяўляюць пагрозу іхняй краіне.

Беларусь упершыню тарпіла ў спіс краін, ад якіх сыходзіць пагроза Расіі — такія вынікі сацыялагічнага апытання, зладжанага расійскім фондам «Грамадскае меркаванне». Амаль палова апытаных расійцаў (47%) перакананыя, што ў Расіі ёсць краіны-ворагі.

Месцы ў першай пяцёрцы размеркаваліся наступным чынам: ЗША — 26%, Кітай — 13, Грузія — 5, Японія — 3, Беларусь і краіны бліжняга замежжа дзеляць 5-е месца — у іх па 2%. Нават краіны НАТО і Чачня маюць па 1%.

Варта адзначыць, што ЗША і Кітай узначальвалі спіс і па выніках першага такога даследавання, праведзенага ў чэрвені 2000 года. Тады яны мелі 21 і 8% адпаведна. Беларусі тады ў спісе не было.

Галоўны рэдактар часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук'янаў супакойвае: не варта звяртаць асаблівай увагі на з’яўленне ў спісе Беларусі.

«Людзі глядзяць тэлевізар, які апошні год пераконваў, які небяспечны чалавек Лукашэнка. Наўрад ці да Беларусі ставяцца як да краіны, якая ўяўляе адкрытую пагрозу. Гаворка ідзе пра змяненне стаўлення да яе, цяпер Беларусь успрымаецца расійцамі як недружалюбная краіна»,
цытуе Лук’янава Газета.ru.

***

Фонд «Грамадскае меркаванне» — заснаваны ў 1991 годзе як незалежная грамадская арганізацыя. Да 1992 года працаваў пры Усесаюзным цэнтры даследавання грамадскага меркавання. У 1996 годзе стаў базавай сацыялагічнай арганізацыяй перадвыбарчага штаба Барыса Ельцына. З таго часу асноўным замоўцам і спажыўцом даследаванняў фонду стала Адміністрацыі прэзідэнта РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?