Дзярждэпартамэнт ЗША пракамэнтаваў увядзеньне Беларусьсю мыта ў дачыненьні экспарту нафты з Расеі. Афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамэнту Шон Маккормак у часе штодзённага брыфінгу заявіў, што пазыцыя Беларусі паказвае «гнілую сутнасьць» рэжыму Лукашэнкі.

Маккормак нагадаў, што дагэтуль пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь рабіліся без экспартнага мыта і што беларускія ўлады «бралі гэтую нафту без экспартнага мыта, ачышчалі яе і перапрадавалі з добрым прыбыткам за мяжу».

«Беларускі ўрад намагаецца па?ранейшаму захаваць свой навар пры экспарце гэтай нафты», — адзначыў прадстаўнік дзярждэпартамэнту.

«Гэтая яшчэ адзін прыклад гнілой сутнасьці гэтага рэжыму, які выкарыстоўвае гэтыя рэсурсы для асабістага прыбытку тых, хто знаходзіцца вакол рэжыму Лукашэнкі», — перадае словы Маккормака РІА «Новости».

З свайго боку МЗС Беларусі заявіла пра некампэтэнтнасьць афіцыйнага прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША «Па?першае, амэрыканскі прадстаўнік, мяркуючы па ўсім, не кампэтэнтны ў пытаньнях, якія спрабуе камэнтаваць. Апроч таго, выказваньні афіцыйнага прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША відавочна паказваюць на празьмерную заштампаванасьць ягонага мысьленьня», — заявіў у пятніцу Інтэрфаксу афіцыйны прадстаўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Папоў. «Як вынік — гэтыя штампы дастаткова няўклюдна пераносяцца на энэргетычную тэматыку», — адзначыў Папоў.

Адначасова адміністрацыя Джорджа Буша ў сувязі з сытуацыяй вакол паставак расейскага газу ў Беларусь зноў абвінаваціла Расею ў выкарыстаньні энэргарэсурсаў ў якасьці «палітычнага рычага».

«Абсалютна відавочна, што яны (расейцы) спрабуюць выкарыстоўваць уласныя энэргетычныя рэсурсы ў якасьці палітычнага рычага, у асаблівасьці ў дачыненьні да суседніх дзяржаваў», — заявіў журналістам у Вашынгтоне Шон Маккормак. «Летась мы бачылі гэта ў дачыненьні Ўкраіны, мы бачылі гэта ў дачыненьні Грузіі і цяпер мы бачым гэта ў дачыненьні Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?