Памятаю, пасля выбарчых падзей 2006-га «Наша Ніва» выйшла з тэмай нумару «Што гэта было?». На старонках выдання праводзілася рознабаковая рэфлексія над тагачаснымі падзеямі. Рабіліся прагнозы ды даваліся парады незалежнаму грамадству і апазіцыі. Падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне цягам апошніх месяцаў, прынамсі, не менш лёсавызначальныя, аднак ці мы ўсе ўсведамляем «што цяпер ёсць?».

Тым больш важнае гэтае пытанне дзеля таго, каб ведаць, «што рабіць?». Пакуль жа, складаваецца ўражанне, што

мы, журналісты, незалежнае грамадства (а тым больш апазіцыя) знаходзімся ў ролі «дзядзькі ў Вільні», які, трапіўшы ў вір гарадскога жыцця, не ведае, на чым канкрэтна і як (ці куды!) сфакусаваць увагу,
каб спраўна рухацца далей. Можа час спыніцца і агледзецца навокал?
Улады. Відавочна, што няма адзінага прынятага плану па выхаду з крызісу як эканамічнага, так і крызісу даверу з боку насельніцтва. Ці гэты план існуе, але аніяк не хочацца прыбягаць да яго.
І гаворка зусім не ідзе пра ліберальныя рэформы. Занадта доўгатэрміновая перспектыва атрымання плёну (а пры ўзроўні ўрадавых выканаўцаў-хазяйствіннікаў наагул цяжка казаць пра які-кольвек плён). Хутчэй за ўсё гаворка вядзецца аб прыватызацыі пару ААТ, УП і СП. Паводле незалежных эканамістаў (песімістаў хуткага ШОСу) МТС, некалькі прадпрыемстваў (зусім не ўзроўню Беларуськалія) і ў наступным годзе зноў будзем назіраць, як з усмешкай на твары «праваслаўны атэіст» шукае папараць кветку ў Александрыі. Але гэта ў выпадку, калі гэтыя прадпрыемствы і сапраўды ўжо даўно не прыватызаваныя пад «чэснае» слова Беразоўскаму ці іншым. І тут акурат можа хавацца прычына непрыняцця плану «Б."
Апазіцыя. Рэакцыя на пратэсты інтэрнэт-рэвалюцыянераў паказалі, што апаненты ўладаў знаходзяцца таксама (ці амаль) далёка ад народа, як і самі ўлады.
Палітычныя лідары не могуць падабраць патрэбных слоў для свежавыпечанага пратэстнага электарату, як і прапанаваць яму канкрэтныя дзеянні. Робіць гонар палітыкам тое, што яны і не спрабуюць падбіраць гэтых словаў. Адпаведныя заклікі і выказванні амаль адсутнічаюць у публічным дыскурсе.
Захад. Нібы прыслухаўся да апазіцыі і не гандлюецца з рэжымам, пакуль апошні безагаворачна не выпускае ЎСІХ палітвязняў.
Ужо традыцыйна Сікорскі прымае ў варшаўскіх палацах лідараў партый і рухаў, Ежы Бузэк заклікае спыніць рэпрэсіі. Яшчэ да апошніх падзей у Горадні і сапраўды можна было зрабіць выснову, што Брусэль узяў паўзу, вычэквае далейшага развіцця сітуацыі ў Беларусі. Але ці Пачобут усё-ткі не стаўся прадметам гандлю (ад чаго і засцерагаў Варшаву)? Ці мы сталіся сведкамі таго адзінага на мільён выпадку, калі на палітычным працэсе прамовіла сумленне суддзі?..

Незалежнае грамадства, журналісты, эксперты. Пасля імуннай прышчэпкі апошняй Плошчы, хлопцам Яўсеева ды стратэгам з прэзідэнцкага аналітычнага цэнтру нас цяжка нечым здзівіць.

Усё роўна будзем збіраць дапамогу для затрыманых, насіць перадачы, ахвяруючы здароўем, змагацца за кожны фота- і відэакадр з маўклівых акцыяў.

А вось эксперты… Эксперты, відаць, на вакацыях. І няма ў гэтым ніякіх закідаў у ваш бок, але хутчэй вяртайцеся. Вашым стратэгіям і прагнозам неабходна, прынамсі, рэвізія. Калі не, то тады і пра гэта заявіце ў голас, абгрунтуйце. Бо пакуль найбольш старанна «абгрунтоўваюць» беларускія пратэсты вядоўцы на расейскіх федэральныя каналах. Апякунчым тонам нас шкадуюць, раяць, дзе шукаць выратаванне, на каго раўняцца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?