Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч накіраваў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову ліст у сувязі з заявай журналістаў, што паступіла ў Генпракуратуру 13 ліпеня, аб неабгрунтаваных затрыманнях прадстаўнікоў СМІ пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, канфіскацыі ў іх фотавідэаматэрыялаў і прафесійнай тэхнікі.

Як паведамілі ў Генпракуратуры,

у лісце ўказана, што правы і абавязкі журналістаў вызначаны законам «Аб сродках масавай інфармацыі», згодна з якім журналіст мае права ў парадку, вызначаным заканадаўствам, прысутнічаць па заданні рэдакцыі на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.

Пры гэтым, як зазначаюць у Генпракуратуры, «журналіст абавязаны выконваць патрабаванні заканадаўства, паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы фізічных і юрыдычных асоб, прад’яўляць па патрабаванні пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці службовае пасведчанне. Замежныя журналісты могуць ажыццяўляць дзейнасць толькі пры наяўнасці акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў у адпаведнасці з арт. 25 закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» надзелены паўнамоцтвамі па часовым абмежаванні або забароне доступу грамадзян на асобныя ўчасткі мясцовасці і аб’екты, а таксама маюць права абавязаць пакінуць вызначаныя месцы для забеспячэння асабістай і грамадскай бяспекі. Згаданыя паўнамоцтвы могуць быць рэалізаваны і ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ, зазначылі ў Генпракуратуры.

Пры гэтым у Генпракуратуры мяркуюць неабходным улічваць, што «дзейнасць журналістаў пры зборы і перадачы інфармацыі носіць прафесійны характар і заснавана на нормах заканадаўства».

Генеральны пракурор выказаўся за забеспячэнне выканання заканадаўства такім чынам, каб «і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і журналісты маглі выконваць ускладзеныя на іх абавязкі і рэалізоўваць свае правы, замацаваныя ў згаданых законах».

Па фактах прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці даручана правесці праверку, паведамілі ў Генпракуратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?