У балгарскім горадзе Кіцен агулам у рознай ступені захварэла ад 70% да 80% беларускіх дзяцей, якія адпачываюць у гатэлі «Грын Парк».
Пра гэта гаворыцца ў лісце галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Алега Арнаутава, адрасаваным міністру спорту і турызму Алегу Качану.

Паводле дадзеных беларускага пасольства, у гатэлі «Грын Парк» адпачывае каля 130 беларускіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Беларускім дзецям, якiя захварэлi на вострыя кішачныя інфекцыі пры масавым атручанні, аказвалі медыцынскую дапамогу дактары, выкліканыя беларускай страхавой кампаніяй, а таксама суправаджаў доктар адной з груп. Шпіталізацыя дзяцей не праводзілася.

У той жа час 39 дзяцей з Расіі і Украіны былі шпіталізаваныя ў бальніцу Бургаса.

«Паводле інфармацыі дзяржаўнай інспекцыі па ахове здароўя Балгарыі, групавое захворванне звязанае з неправамерным далучэннем водаправоднай сеткі да нерэгламентаванай водакрыніцы», — адзначаецца ў лісце. Таксама былі выяўленыя шматлікія парушэнні ў арганізацыі харчавання (прадукцыя з прамінулымі тэрмінамі рэалізацыі), незаконнае павелічэнне месцаў у гатэлі і адсутнасць медыцынскага абслугоўвання. Пасля заканчэння змены гатэль могуць закрыць.

Асноўны пік захворвання прыпаў на 10 ліпеня. Цяпер стан дзяцей здавальняючы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?