У сераду, 3 ліпеня, у 3.30 паводле ірландскага часу ў царкве Святога Ружанцу прайшла служба ў падтрымку беларускага народа. На службе прысутнічала 25 чалавек: 9 беларусаў, ірландцы, грэкі, літоўцы. Быў прачытаны кароткі зварот да прысутных з просьбай не заставацца абыякавымі да падзей, што адбываюцца ў Беларусі. Праспявалі малітву «Магутны Божа», запалілі свечкі за палітвязняў. У службе бралі ўдзел дзеці-беларусы. Айцец Джон папрасіў усіх падтрымаць беларусаў хвілінай маўчання.

Быў складзены і дасланы зварот да сакратара прэм’ер-міністра. І, калі мы даведаліся, што ён, Энда Кені, прыязджае з працоўным візітам у Гленхест, то хуценька сабраліся і паехалі на яго пошукі. Трэба адзначыць, што мы не чакалі, што будзе так лёгка падысці, пазнаёміцца, паціснуць руку і пагаварыць. Нягледзячы на тое, што ён прыехаў зусім па іншых пытаннях, ён не праігнараваў, выслухаў і сфатаграфаваўся з Паўлінкай для ірландскай прэсы. Мы б не хацелі называць прозвішчаў і ўдавацца ў падрабязнасці нашага знаходжання, бо дома ёсць сем’і, якія змагаюцца за свабоду і церпяць ад уладаў не першы год. Часта пішуць пра палітвязняў, іх сем’і, але ў Беларусі тысячы сем’яў, якія, не ўступаючы ў партыі, змагаюцца апошнія 17 гадоў. Хто як можа. І мы — адна з такіх сем’яў. Не па чутках ведаем пра ператрусы, здзек, прыніжэнні. Нам давялося пакінуць радзіму, але сэрцам мы дома. Дзякуючы «НН», газеце «Народная Воля», радыё «Свабода», мы ўвесь час атрымліваем інфармацыю, вядзем агітацыю і не збіраемся здавацца.

Хочацца дадаць, што Паўлінка — дзяўчынка вельмі сарамлівая, але калі даведалася пра тое, што мы задумалі, сказала: «Я пайду і зраблю гэта для свайго народа. Я буду Робін Гудам. Калі яна падышла да Энда Кені, то сказала: «Добры дзень, мяне завуць Паўліна, я хачу ўручыць вам вельмі важны ліст ад беларускага народа. Гэта вельмі важна, калі ласка, прачытайце. «Ён раскрыў, вымавіў з выдыхам: «Пра… Люкашенко. Я ведаю, ведаю», — пасля пагаварыў з дарослымі і абяцаў адрэагаваць.

Хутчэй за ўсё, нам патэлефануюць альбо вышлюць ад яго ліст. Абяцаем адразу ж перадаць у Беларусь. Нам вельмі важна, каб людзі ведалі, што яны не адны са сваёй бядой. Але таксама трэба выразна ўсведамляць, што падтрымка захаду — выдатна, але мы самі кавалі свайго шчасця. І калі не захочам, то ніхто нам не зможа дапамагчы. Дзякуй Богу, што ўжо перасталі людзі баяцца, і з кожным днём колькасць «непамяркоуных» расце.

Молімся за вашу газету і дзякуем вам за смеласць і нялёгкую працу. Паўлінчына бабуля — выдатная паэтка, але вельмі саромеецца. Хочам дадаць яе верш вам у падтрымку.

Да нашчадкаў Купалы
Звяртаюся я:
Гэта наша Радзіма,
Гэта наша зямля.
І на Плошчу прыйшоў,
Хто душою багаты,
Хто імкнецца да зор…
А іх жорстка — за краты.
З самых даўніх часоў
Люд склікалі на веча,
Вырашаць, як нам жыць,
Каб мець твар чалавечы,
Каб не проста плявузгаць
Аб нейкай свабодзе,
Каб быў выбар свабодны
У цябе, мой народзе.
Ды, напэўна, «гісторык»
Дрэнна ў школе вучыўся:
Вершы Быкаў пісаў?
«Ну, чуць-чуць памыліўся…»
З беларускаю мовай
Не дружыць ніяк.
Хто яе разумее?
Мо дзікун ці вар’ят?
А яму падпяваюць
За грошы, вядома,
А спытай, што пяюць, —
Ім самім невядома.
Так «шчасліва» жывем
У «свабоднай» краіне,
Што не ведаем, заўтра
Куды лёс закіне.
А яму падпяваюць
За вялікія грошы
Ах, які вы разумны,
Які вы харошы.
І адкуль узялася
Такая навала?..
Так багата жывём,
Што «Чарнобыля мала…»
Да нашчадкаў Купалы
Звяртаюся я:
Беражыце Радзіму —
Гэта ваша зямля.
Хто з той Плошчы —
Не проста душою багаты.
Верце: згінуць муры
І рассыплюцца краты.
Ў небыццё адляцяць
Ператрус і прымус,
Толькі памятай цвёрда:
«ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?