Каспійская нафта Azeri Light, прапампоўванне якой пачалася ў лютым па трубаправодзе Адэса — Броды, паступіла на Мазырскі НПЗ, паведамілі БелаПАН на прадпрыемстве.

МНПЗ прыняў нафту з лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Мазыр» ААТ «Гомельтранснафта Дружба» ў аб’ёме 11 тыс. тон. На гэты момант на заводскай лабараторыі праводзіцца кантроль якасці сыравіны, пасля чаго завод пачне яе перапрацоўку.

Нагадаем, кампанія «Укртранснафта» 13 лютага пачала перапампоўванне азербайджанскай нафты ў Мазыр. Такім чынам была пачата практычная рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых з беларускім бокам на міжурадавым узроўні і на ўзроўні гаспадарачых суб’ектаў па транспарціроўцы нафты па тэрыторыі Украіны ў Беларусь з выкарыстаннем нафтаправода Адэса — Броды і адной з дзвюх нітак нафтаправода «Дружба».

Як паведамлялася раней, 29 студзеня гэтага года ў порт Паўднёвы (Адэская вобласць Украіны) прыбыў першы танкер з азербайджанскай нафтай дэдвэйтам каля 81 тыс. тон. Паводле інфармацыі ўкраінскай кампаніі, 11 лютага быў прыняты другі танкер з азербайджанскай нафтай дэдвэйтам 85 тысяч тон, які быў разгружаны 12 лютага.

Пастаўкі нафты з Азербайджана ажыццяўляюцца на падставе дамоўленасцяў паміж ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азербайджана (SOCAR) і Венесуэлай. Азербайджанская нафта будзе замяшчаць венесуэльскую ў межах своп-кантрактаў. У 2011 годзе па своп-схеме ў Беларусь па нафтаправодзе Адэса — Броды плануецца паставіць 4 млн. тон азербайджанскай нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?