У сераду 13 ліпеня Беларускі рэлігійна-грамадскі асяродак у паўночным Лондане развітаўся са сваім шматгадовым сябрам на імя Бэн — сабакам а. Аляксандра Надсана.

Бэн быў узяты з прытулку ўвесну 1994 года, на Беларускую каталіцкую місію яго прывяла с.п. Вера Рыч. Сваім прыязным характарам ён запомніўся, бадай, кожнаму, хто адведваў лонданскі беларускі асяродак за апошнія 17 гадоў.

Сумесь харта (грэйхаўнд) і нямецкай аўчаркі, ад харта Бэн пераняў паляўнічыя інстынкты, будову цела ды характар «катá ў сабачай скуры» ў стасунках з людзьмі. Ад аўчаркі ён меў памер, афарбоўку, моц, інстынкты вартавога і пастуха. Нягледзячы на пагрозлівы выгляд і голас, Бэн быў надзвычай дабрадушным сабакам, ніколі не выказваў агрэсіі да людзей, катоў ці іншых сабак. Яго паляўнічыя інстынкты прачыналіся да вавёрак, лісаў і трусоў. Шворка бралася з ім на прагулку дзеля заспакаення мінакоў, а не для таго, каб на ёй трымаць гэтага сабаку.

Бэн заўсёды імкнуўся да людзей, знаёмых і незнаёмых, любіў заставацца ў чалавечай кампаніі. Быў вельмі таварыскі з дзецьмі, ахвотна выгульваўся з рознымі людзьмі, у т.л. гасцямі беларускага асяродка, і слухаўся іх камандаў. Хоць прызнаваў а. Аляксандра Надсана сваім гаспадаром, аднак, відаць, агулам адчуваў сябе больш як «сябра супольнасці», чым чыімсьці асабістым сабакам.

Многіх наведнікаў беларускага асяродка здзіўляла, што Бэн разумеў каманды на дзвюх мовах. Аднойчы дзеці з Беларусі, адведваючы Скарынаўскую бібліятэку, пабачылі, як Бэн слухаецца камандаў па-ангельску. «Што, у вас сабака разумее па-ангельску?! — у скрайнім здзіўленні запытала адна дзяўчынка. — Нічога сабе! А ў нас яшчэ не ўсе нават людзі навучыліся!»

Бэн праславіўся таксама тым, што добра ведаў па-беларуску слова «Лукашэнка» ды злосна брахаў, калі яго чуў. Гэта абавязкова дэманстравалася гасцям, асабліва прадстаўнікам дзяржаўных установаў РБ.

Бэн пакінуў па сабе надзвычай добры ўспамін. Шмат людзей будуць сумаваць па ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?