Затрыманы 3 ліпеня за праслухоўванне песні «Перамен» выйшаў з турмы.

 Дзмітрый і Кацярына паставілі песню «Перамен», і яе падхапіла краіна.

Дзмітрый і Кацярына паставілі песню «Перамен», і яе падхапіла краіна.

3 ліпеня — аблога чорнага «Мэрсэдэса». Фота 365dnej-w-godu.livejournal.com

3 ліпеня — аблога чорнага «Мэрсэдэса». Фота 365dnej-w-godu.livejournal.com

«Перемен требуют наши сердца!» — больш за дзесяць хвілін гэтая песня Віктара Цоя гучала на ўсю моц з чорнага «Мэрсэдэса», які прыпаркаваўся ля вакзала 3 ліпеня. У гэты час там праходзіла маўклівая акцыя пратэсту, адбываўся хапун.

Толькі цяпер Дзмітрый Ш. і Кацярына П., якія тады сядзелі ў машыне, завіталі ў рэдакцыю «НН», каб расказаць гісторыю да канца. Хлопца тады забралі людзі ў цывільным.
Дзмітрый працуе наёмным дырэктарам адной мінскай фірмы, Кацярына глядзіць дзіця. 3 ліпеня пара накіравалася на Прывакзальную плошчу, дзе павінна была адбыцца маўклівая акцыя пратэста.

«Да Прывакзальнай плошчы на машыне дабрацца было праблематычна, бо яна была ачэпленая. Тым не менш, вакольнымі шляхамі мы дабраліся», — расказвае Дзмітрый.

Машына спынілася на прыпынку грамадскага транспарту, уключыла «аварыйку» ды пачала слухаць хіт Цоя. «Праз пару хвілін пад’ехала машына ДАІ, пыталіся ў чым справа. Мы казалі, што камп’ютар выдае памылку і ехаць далей не можам. Мы патрабавалі ў іх пасведчанні, але нам паказвалі толькі бэджы, што пасведчаннем не з’яўляюцца», — працягвае Ш.

ДАІшнік сказаў, што будзе пісаць пратакол за няправільную паркоўку. «Ён настойліва патрабаваў, каб мы селі да яго ў машыну. Мы адмаўляліся. Падцягнулася падмацаванне — людзі ў цывільным. Не ведаю, хто гэта быў. Натуральна, што ніхто не прадстаўляўся».

«Людзі бандыцкага выгляду» выскачылі з сіняга мікрааўтобуса без нумароў і адразу пачалі камандаваць. Мы зноў запыталіся, хто яны такія. На што атрымалі нецэнзурны адказ.

Яны спрабавалі ўдарыць мяне праз вакно, таму я пачаў зачыняць вакно. Спачатку іх толькі двое, а пасля пяць ці сем.
Каб я не змог зачыніць вакно да канца, у праём засунулі нейкую рацыю. Спрабавалі лакцямі разбіць шкло», — расказвае Дзмітрый.

Палохалі нас, што кінуць у машыну дымавую гранату. Гранат не было, але праз праём у вакне дзверы машыны змаглі адчыніць.

Ш. выцягнулі з машыны, пасадзілі ў мікрааўтобус.

«Каб я нікога не бачыў, на вочы нацягнулі нейкую куртку. Пасыпаліся ўдары па галаве, запалохванні».

Тым часам да Кацярыны, якая заставалася ў машыне, прыехаў асабіста начальнік ДАІ Дзмітрый Карзюк. Ён сеў у машыну і загадаў ехаць. «Мы праехалі літаральна 200 метраў, дзе мяне чакаў патруль, да мяне падсеў супрацоўнік ДАІ, які перад гэтым забіраў дакументы. У суправаджэнні шасці машын ДАІ рухаліся да Фрунзенскага РУУС», — расказвае Кацярына. На кіроўцу былі складзеныя пратаколы, а машына апынулася на штрафстаянцы.

Дзмітрый расказвае, як складалі на яго рапарт у пастарунку Фрунзенскага раёна. «Пратакол затрымання міліцыянт сам напісаць не мог без падтрымкі, таму пастаянна тэлефанаваў і пытаўся, дзе ён мяне затрымліваў, а якой гадзіне, дзе я лаяўся. Яму сказалі абавязкова напісаць, што матам я выказваўся ўнутры „Мерсэдэса“, бо было шмат кадраў, дзе засведчана, што з машыны я не выходзіў».

Ш. кажа, што такі цынізм супрацоўнікаў міліцыі яго абурыў:

«Калі фальсіфікуеце дадзеныя, дык хоць не ў маёй прысутнасці».

У выніку Ш. трапіў у ізалятар па вуліцы Акрэсціна. На наступны дзень быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

«На Акрэсціна ахоўнікі ставіліся да нас максімальна пазітыўна. У Жодзіне ж нам вырашылі зладзіць цырк [перад канцом адседкі зняволеных перавялі ў Жодзінскі ізалятар]. Нас сустракалі, як маньякаў-забойцаў.

У доўгім калідоры было маскі-шоу, некага выбарачна білі, спусцілі сабак. На мяне самога накінуўся сабака. Добра, што ў намордніку. Людзей прымушалі ледзьве не на карачках ісці, тварам у падлогу»,
— кажа Ш.

Выпускалі вязняў таксама арыгінальна. Іх адвезлі на чыгуначную станцыю Чырвоны Сцяг, калі сваякі чакалі іх ля турмы. «Людзі баяліся даваць мабільнікі нам: мы ж няголеныя, з мяшкамі пад вачыма. Добра, што дзядуля адзін не пашкадаваў. Так паведамілі сваякам.

Да нас прыехала амаль сто машын. Было шэсць скрыняў шампанскага, гучала «Перамен!» Цоя», — кажа Дзмітрый.

Адміністрацыйная справа Кацярыны ўсё яшчэ не разгледжаная, бо пратаколы даслалі на дапрацоўку. Першапачаткова пратаколаў было аж сем, але пакінулі толькі два. «Супрацоўніка ДАІ, які складаў тыя пратаколы, дарэчы, так і не адпусцілі ў адпачынак, — смяецца Кацярына. — Сказалі, пакуль справа не будзе скончаная, нікуды не пойдзеш».

Менавіта пасля геройства Дзмітрыя і Кацярыны песня «Перамен!» масава загучала на радыё ў канцэртах па заяўках. Цяпер улады забаранілі яе трансляцыю, але гэта толькі выставіла іх на пасмешышча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?