Мінскі гарадскі суд пакінуў без змянення прыгаворы, вынесеныя судом Заводскага раёна сталіцы журналістцы Ірыне Халіп, жонцы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, які падчас выбараў кіраваў штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, і Сяргею Марцалеву, кіраўніку штаба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Такое рашэнне прыняла 19 ліпеня судовая калегія пад старшынствам Уладзіміра Сцяпуркі.

16 мая суд Заводскага раёна прыгаварыў Халіп да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, Севярынца — да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Марцалева — да двух гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады. Пасля вынясення прыгавораў асуджаныя былі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Халіп, Севярынец і Марцалеў асуджаны ў межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Сёння ж калегія Мінгарсуда пакінула ў сіле прыгаворы, вынесеныя экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу, а таксама ўдзельнікам падзей 19 снежня Аляксандру Класкоўскаму, Арцёму Грыбкову, Аляксандру Квяткевічу, Дзмітрыю Буланаву і Андрэю Пазняку.

15 ліпеня Мінгарсуд пакінуў у сіле прыгавор, вынесены мужу Ірыны Халіп Андрэю Саннікаву і яшчэ чатыром фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?