Рэальных дзеянняў беларускага ўрада па прыватызацыі буйных аб’ектаў дзяржуласнасці няма,
заявіў надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. «
У мяне ад пазіцыі беларускага ўрада ўражанне нейкае дваякае. Нібыта і хочацца, і нешта колецца», — зазначыў дыпламат.

Кажучы пра нядаўняю заяву прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча пра перамовы, што вядуцца з расійскімі кампаніямі, аб прыватызацыі сямі беларускіх прамысловых кампаній, Сурыкаў падкрэсліў: «Па-першае, з сямі названых прэм’ер-міністрам прадпрыемстваў незалежную ацэнку мае толькі адзін актыў: „Белтрансгаз“. І 50% па гэтай цане, з якой пагадзілася кіраўніцтва Беларусі, куплены „Газпромам“ у 2007 годзе. Казаць пра нейкія перамовы па іншых беларускіх актывах сёння — гэта проста выдаваць жаданае за відавочнае. Таму што, па-першае, няма галоўнага рашэння — продаж кожнага з гэтых прадпрыемстваў павінен быць дазволены беларускім прэзідэнтам. А гэтага пакуль проста няма. Па-другое, кожнае з выстаўленых на продаж прадпрыемстваў павінна мець рэальную ацэнку незалежных экспертаў, — гэта таксама пакуль не зроблена. І ў мяне такое ўражанне, што ацэначныя кампаніі наогул пакуль не прыцягваліся. Так што заявы прэм’ера — усяго толькі словы, дзеля чаго яны гаворацца — мне цяжка сказаць. Магчыма, каб унесці спакой у душы будучых крэдытораў Беларусі — раптам такія з’явяцца. Вось і ўсё. А рэальных дзеянняў пакуль няма».

КАМАЗ з МАЗам вядуць папярэднія перамовы, пацвердзіў дыпламат, «але незалежная ацэнка МАЗа дай Бог каб з’явілася толькі да канца года». Тое ж тычыцца і «Беларуськалія», які беларускія ўлады ацэньваюць у 30 мільярдаў долараў: «Я не ведаю, якую ацэнку дасць незалежны ацэншчык… Штосьці я не бачу, каб яго нехта моцна хацеў купіць, гэты «Беларуськалій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?