Яшчэ 15 год назад зьяўленьне гэтай кнігі было б немагчымае. А калі б яна раптам і выйшла, то была б не зразуметая дзевяноста дзевяцьцю працэнтамі сваіх патэнцыйных чытачоў. Сёньня, думаю, больш за палову прачытаўшых яе ацэніць адэкватна. Здавалася б, усяго 15 гадоў, але якіх гадоў!

Справа ў тым, што рамантызм пачатку 90-х быў дрэннай глебай для навуковай аб’ектыўнасьці. Тады на іх не было ні часу, ні грамадзкай патрэбы. Але “халодны душ” лукашызму прынёс сваю карысьць, бо дазволіў разгледзець тое, чаго не было відаць з вышыні нацыянальна-эмацыйнага ўздыму.

Увогуле, кніга Булгакава яшчэ раз даводзіць тую ісьціну, што гісторыя і гістарыяграфія — не адно і тое ж, і кожная эпоха глядзіць у мінулае праз свае адмысловыя “лінзы”, выпінаючы адно, затуляючы другое, ігнаруючы трэцяе. Такім чынам, паміж гісторыяй сапраўднай і гісторыяй афіцыйнай (ці прынамсі папулярна-масавай) можа ляжаць вялізная прорва. Вось Булгакаў і спрабуе перакінуць хісткія масткі празь яе, наблізіўшы нас да “няглянцавай” гісторыі нацыяналізму. Апошнія 15 год беларускіх рэалій ды сучасныя сацыяльна-гістарычныя падыходы дазволілі па-новаму зірнуць на многія “аксіёмы” і, здавалася б, бясспрэчныя факты нашай мінуўшчыны.

Вялікі плюс твору — пастаянная прысутнасьць эўрапейскага кантэксту, шырокае цытаваньне сусьветна-вядомых аўтараў, паралелі з нацыятворчымі рухамі іншых народаў. Адносная нешматлікасьць расейскіх спасылак і крыніц — таксама хутчэй плюс. Бо міталягічныя “завалы” расейскай гістарыяграфіі бадай самыя вялікія і запушчаныя, а іхні разбор толькі б ускладніў галоўную задачу кнігі — вывесьці “на чыстую ваду” беларускі нацыяналізм.

“Чыстая вада” аказалася ня вельмі глыбокай, а як для нацыяналістаў “першага постсавецкагапрызыву” (1988—1994) — то проста катастрафічна плыткай. Як жа так, нашаму нацыяналізму няма і ста гадоў? А Вітаўт Вялікі, Леў Сапега і нават (!) Каліноўскі з Багушэвічам не былі беларускімі нацыяналістамі? Ну, спадарства, гэта ж правакацыя! Няйнакш “малады дасьледчык” прыпісаны да Адміністрацыі прэзыдэнта...

Але калі ўважліва прачытаць кнігу і асэнсаваць аўтарскія высновы, то зь імі цяжка не пагадзіцца: беларускі нацыятворчы працэс ва многім унікальны, складаны і запозьнены. На фоне іншых сучасных нацыяналізмаў на нашай тэрыторыі — польскага, расейскага, украінскага (а ў ХІХ—ХХ ст. быў яшчэ і габрэйскі) — ён сапраўды выглядае юным і кволым. Аптымізм першых гадоў нашай незалежнасьці быў занадта пасьпешлівы, а няўдачы наступных былі бадай заканамерныя. Аднак твор Булгакава — ня рэквіем па беларускім нацыяналізьме, гэта хутчэй жорсткі самааналіз, сьмеласьць якога сьведчыць пра сталеньне самаго працэсу нацыятварэньня. Так, ён разбурае многія стэрэатыпы і прыгожыя карцінкі, створаныя папярэднікамі, але пакідае “зазор” паміж глухой сьцяной расейскага каляніялізму і ружовымі марамі раньняга незалежніцтва. Менавіта між імі можна ўгледзець пэрспэктывы Беларусі, і толькі працуючы на пашырэньне гэтай “шчыліны” можна дасягнуць рэальных вынікаў у нацыятварэньні.

Які выбар мае сёньня малады беларус? Пасяліцца ў расейскай “камуналцы”, што дала расколіну, паспрабаваць патрапіць у супэрсучасны амэрыканскі “хмарачос”, або застацца тут, на разбэрсанай будоўлі, дзе толькі закладзены падмуркі і ледзь набывае рысы “першы беларускі паверх”. Для тых, хто ўсё разумее і мае дастаткова сілаў ды цярпеньня — адказ відавочны. Хаця жыць з камфортам тут сапраўды пакуль цяжка. Але ж які прастор для творчага росту і самарэалізацыі! Колькі яшчэ не напісана, не адбудавана, ня зроблена! Банальна, і ўсё ж факт — Беларусь нацыянальная “цаліна”, якая ляжыць пад нагамі. Адкрыць яе для масавага творцы і спажыўца — вось задача-мінімум на бліжэйшыя 10 год.

Навуковы характар кнігі Булгакава ня робіць яе масавай. Канечне, можна было б паспрабаваць зрабіць зь яе кароткі, папулярызатарскі варыянт, але спрашчэньне тэрмінаў, скарачэньне аб’ёму, колькасьці спасылак і крыніц прывёў бы да скажэньня сэнсу і прафанацыі галоўных ідэй. Выйшла б яшчэ адна “глянцавая карцінка”, супраць чаго так настойліва выступае аўтар.

Што тычыцца той думкі, што беларускі нацыяналізм ёсьць зьявай штучнай і хімэрнай, накшталт “выдумкі якіхсьці дзівакоў”, то любая нацыянальная ідэя, расейскай, беларуская, папуаская ці амэрыканская, гэта заўжды выдумка. Каб не было ні “Нашай Нівы”, ні БНР, ні БССР, то не было б і ўсяго іншага. Цалкам верагодна, што гісторыя магла пайсьці другой каляінай. Але ж беларускае “цеста” — наш народ — быў заўсёды, і “дрожджы”, кінутыя Багушэвічам, хай і запозьнена, але запрацавалі — Беларусь адбылася! Як бы гэта каму ні муляла, але сёньня — яна рэальнасьць, зь якой вымушаныя мірыцца і зычліўцы, і нядобразычліўцы нашага шляху.

Магілёў

* * *

Булгаков Валер. История белорусского национализма. -- Вильнюс: Институт белорусистики, 2006.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?