Унесены дапаўненні і змяненні ва ўказ ад 15 чэрвеня 2006 года № 396 «Аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў».

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, указ № 324, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 ліпеня, «прыняты з мэтай далейшага ўдасканалення праваадносін бакоў пры долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у Беларусі».

Указам прадугледжваецца першачарговая выдача мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі накіраванняў для заключэння дагавора з забудоўшчыкам грамадзянам, якія не маюць ва ўласнасці жылых памяшканняў, у тым ліку тым, хто жыве ў інтэрнатах, жылых памяшканнях дзяржаўнага і прыватнага жыллёвых фондаў.

У адпаведнасці з дакументам будзе дадаткова ўрэгуляваны парадак функцыянавання спецыяльных рахункаў па акумуляванні грашовых сродкаў дольшчыкаў, што ўносяцца на фінансаванне аб’ектаў долевага будаўніцтва, з мэтай забеспячэння захаванасці і расходавання па мэтавым прызначэнні сродкаў грамадзян.

Уводзіцца абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі дагавораў стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва.

Указам прадугледжваецца таксама пераразлік кошту будаўніцтва жылых памяшканняў для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў і будуюць жыллё пры дапамозе дзяржаўнай падтрымкі, пры зніжэнні фактычных затрат у параўнанні з планавымі.

Ураду дадзена права ўстанаўлення дадатковых патрабаванняў, што выстаўляюцца да забудоўшчыкаў.

Указам таксама прадугледжваецца рэгуляванне шэрагу іншых пытанняў у сферы долевага будаўніцтва. Так, з мэтай абароны правоў дольшчыкаў выключана палажэнне, што вызначае максімальны тэрмін будаўніцтва ў тры гады. Жылыя дамы будуць будавацца з улікам нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва.

Акрамя таго, канкрэтызаваны парадак перадачы забудоўшчыкам дольшчыку пабудаванага аб’екта пры ўмове поўнай выплаты яго кошту.

Пры гэтым улічаны прапановы Нацыянальнага банка па канкрэтызацыі парадку функцыянавання спецыяльных рахункаў, а таксама ААБ «Беларусбанк» па пашырэнні пераліку асоб, на якіх можа распаўсюджвацца права дольшчыка зрабіць уступку правоў па дагаворы.

Указ набывае моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на дагаворы стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва, заключаныя да таго як набыў моц згаданы дакумент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?