рэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін выказвае шкадаванне ў сувязі з напружанасцю, што ўзнікла ў адносінах паміж Расіяй і Беларуссю. Пра гэта ён заявіў 19 ліпеня ў Маскве на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных і грамадскіх арганізацый Расіі.
«Мне толькі застаецца шкадаваць аб гэтым. Мы са свайго боку робім і будзем рабіць усё, каб гэтага ніколі не было. Але мяне сапраўды непакоіць гэта. Я бачу, што цяпер, нават на бытавым узроўні, ужо ўзнікаюць праблемы. Гэта вельмі дрэнна»,
— цытуе Пуціна РІА Новости.
Заява Пуціна прагучала ў адказ на словы старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Валерыя Казакова, які выказаў занепакоенасць напружанасцю, што ўзнікла ў апошні час у расійска-беларускіх адносінах. «Нашы суайчыннікі вельмі занепакоены тым, што эканамічныя і іншыя дзяржаўныя несастыкоўкі выходзяць у публічную плоскасць», — сказаў Казакоў.
Беларуска-расійскія адносіны ў чарговы раз абвастрыліся ў сярэдзіне чэрвеня, калі кампанія «Інтэр РАО АЭС» запатрабавала ад Беларусі расплаціцца за атрыманую электраэнергію. Доўг Беларусі ўтварыўся з-за праблем на валютным рынку, у прыватнасці цяжкасцяў з канверсацыяй валюты. Праблему запазычанасці бакі змаглі ўрэгуляваць толькі ў канцы чэрвеня: за гэты час Расія двойчы спыняла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Яны аднавіліся 1 ліпеня пасля таго, як Мінск пагасіў завінавачанасць.
23 чэрвеня падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што Дзмітрый Мядзведзеў не адгукнуўся на яго запрашэнне прыехаць у Брэст з нагоды 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Лукашэнка заявіў, што не ведае, чаму яго расійскі калега не адгукнуўся на запрашэнне: «Чаму не прыехаў? Трэба гэта пытанне адрасаваць яму. У мяне на гэта пытанне пэўнага адказу няма». Паводле меркавання Лукашэнкі, 70-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны — гэта нагода для таго, каб разам, «як гэта было тады», прадэманстраваць і расіянам, і беларусам, што «ў нас агульная памяць і мы заўсёды будзем разам».
Варта таксама адзначыць, што Масква адрэагавала на апошнія грамадска-палітычныя падзеі ў Мінску. 7 ліпеня афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Аляксандр Лукашэвіч заявіў: у Расіі заклапочаны апошнімі дзеяннямі праваахоўных органаў Беларусі па затрыманні дэманстрантаў і журналістаў, у тым ліку расійскіх. «Сам факт прымянення такіх мер у дачыненні да мірных дэманстрантаў выклікае заклапочанасць. Разлічваем, што беларускае кіраўніцтва будзе ў поўнай меры выконваць вядомыя міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод», — заявіў Лукашэвіч. Разгон мірных пратэстаў у Беларусі актыўна асвятлялі расійскія СМІ, у тым ліку цэнтральныя тэлеканалы.
БелаПАН.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ