Нават у храме сёньня Лукашэнка гаварыў пра энэрганосьбіты.

Гэту прамову можна разьбіраць па костачках, там шмат адметных пасажаў (напрыклад, пра сьвятую незалежнасьць, у якую беларусаў, аднак, "выкінулі" з Савецкага Саюзу). Зрэшты, зірнеце самі.

Адзначу толькі новы піяраўскі рэфрэн: нам шкодзяць праз зайздрасьць.

Каб сьпічрайтэры былі трохі болей дасьведчаныя ў Бібліі, то маглі б, прыкладам, згадаць клясычную ілюстрацыю зайздрасьці — сюжэт пра Каіна і Авэля.

Прагучала б вытанчана, суладна з абстаноўкай. Занесьлі нож над сінявокай нафтагазавыя Каіны!

Зрэшты, мо' і дарэмна грашу на сьпічрайтэраў. Проста цьвёрды электарат, загартаваны ў традыцыях бальшавіцкага атэізму, мог бы і не дапяць.

Сама ж па сабе вульгарызаваная трактоўка матываў расейскіх элітаў (зайздросьцяць, бадай іх качкі зьелі!..) акурат дапасоўваецца да сялянскага мэнталітэту нашага паспалітага люду. Хіба ў вёсцы той-сёй не пацірае рукі, калі ў багатага суседа карова здохла?

Сапраўды, нашто ўлазіць у гушчар палітычных ды рынкавых матэрыяў? Гэта небясьпечная тэрыторыя. У яйкагаловых апанэнтаў — поўны калчан крытычных стрэлаў. Не ў брыво, а ў вока б'юць рэплікамі пра бясплатны сыр у пастцы, расплату за інтэграцыйныя гульні, няздольнасьць саскочыць зь іголкі энэргетычнага наркотыку…

А так ўсё проста: зайздросьцяць маскоўцы, бадай іх качкі!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?