Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Мінску на 1 ліпеня 2011 года склаў 0,3% эканамічна актыўнага насельніцтва. За чэрвень гэты паказчык не змяніўся.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні занятасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў чэрвені склаў 84 тысячы рублёў (16,8 долара ЗША па сённяшнім курсе Нацбанка). Для параўнання: бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складае 255 тысяч рублёў.

На 1 ліпеня ў сталіцы было зарэгістравана 3.027 беспрацоўных. За студзень-чэрвень па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася больш за 11.600 чалавек. На пастаянную ці часовую працу ўладкавана 6.513. З іх 3.746 атрымалі пастаянную працу.

На часовую працу ў вольны ад вучобы час у студзені-чэрвені пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаваны 1.931 студэнт і школьнік. На прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі накіравана 753 беспрацоўныя. У грамадскіх работах узялі ўдзел 1.800 чалавек, у тым ліку 1.375 беспрацоўных.

Колькасць заяўленых вакансій на прадпрыемствах горада на 1 ліпеня склала 21.593, у тым ліку для рабочых — 17.193.

За шэсць месяцаў зарэгістравана прыблізна 123,8 тыс. зваротаў спашукальнікаў працы да электроннага банка вакансій у аддзелах працаўладкавання і больш за 3,7 млн. зваротаў да электроннага банка вакансій, што размешчаны на сайце Мінгарвыканкама (www.minsk.gov.by).

Паводле звестак камітэта, найбольш запатрабаванымі спецыялістамі ў Мінску з’яўляюцца вадзіцелі аўтамабіляў (985 вакансій), слесары механазборачных работ (380), грузчыкі (418), муляры (848), кандуктары (438), маляры (454), цесляры (350), прыбіральшчыкі (536), тынкоўшчыкі (828), урачы-спецыялісты (344), інспектары (237), медсёстры (504).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?