Віктар Гарбачоў просіць прадпрымальнікаў падтрымаць акцыі маўчання.
Лідар кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў звярнуўся да прадпрымальнікаў з заклікам падтрымаць акцыі маўчання, якія адбываюцца па серадах. «Цяпер, калі ў краіне наступіў эканамічны калапс, калі валюту прыходзіцца купляць з рызыкай страціць свабоду, калі ваш бізнес пад пагрозай закрыцця ... патрабуецца ваша дапамога», — піша Віктар Гарбачоў у фэйсбуку. Ён тлумачыць калегам, што ад іх патрабуецца не матэрыяльная дапамога, не актыўныя дзеянні. Ён з разуменнем ставіцца да страху прадпрымальнікаў страціць свой бізнес. Таму прапануе не працаваць у сераду, прыдумаўшы для гэтага любую нагоду.
«Кожную сераду вы проста можаце не выходзіць на рынкі, гандлёвыя цэнтры, офісы. Хай серада стане вашым днём адпачынку, днём салідарнасці. Серада — дзень непрацуючага прадпрымальніка.(…) Пакажыце рэжыму, што вы салідарныя з супрацівам бязмежжу. Зразумела, што выплачаныя падаткі і арэнда, зразумела, што вы ўмееце лічыць прыбытак і змяншэнне. Але паверце, што тыя страты, якія будуць у вашым бізнесе па серадах, акупяцца ў будучыні, калі скончыцца ўвесь гэты маразм.
Страціўшы ў сераду — ты набудзеш свабодную краіну ў чацвер. Страціўшы ў сераду — ты зробіш сваю сям'ю мацнейшай.І не варта ўцякаць з гэтай краіны, пераводзіць свой бізнес у іншыя краіны — гэта толькі на руку баязлівай уладзе. Гэта наша краіна! Мы будзем у ёй жыць і працаваць, гадаваць сваіх дзяцей і сачыць за магіламі сваіх продкаў».