У вялікім інтэрв'ю незалежнаму агенцтву БелаПАН пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаў негатыўнае стаўленне да практыкі нязменнасці ўлады.

«Улада павінна разумна перамагаць на выбарах, — адзначыў Сурыкаў, — мець пэўныя тэрміны знаходжання на той ці іншай пасадзе, асабліва на вышэйшых пасадах. Абмежаванні тут проста павінны быць. Таму што інакш пачынаецца «прыкіпанне» ўлады да таго ці іншага крэсла, увераванне ў сваёй бязгрэшнасці. Зманціраваць умовы, каб цябе ўвесь час выбіралі, магчыма. І ты пачынаеш думаць, што ты выключны, верыць у сваю бязгрэшнасць і паводзіш сябе адпаведным чынам.

Гэта значыць з’яўляюцца замашкі дыктатурызму, які не заўсёды вядзе да разумнага развіцця грамадства».

«Улада павінна быць зменнай, паважанай, і пасля змены паважанай, калі не было відавочных злачынстваў, — дадаў Сурыкаў. — Расія знаходзіцца менавіта на такім шляху. Вы ведаеце, што ў нас Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін два тэрміны адбыў прэзідэнтам. Канстытуцыя яго абмяжоўвае двума тэрмінамі бесперапыннага кіраўніцтва, далей ён не балатаваўся.

І мы жадаем усім краінам такога ж падыходу, хай досыць складанага на першым этапе, з падборам, дапусцім, пераемнікаў… Гэта ўсё ж трохі лепш, чым нязменнасць падобна той, якую назіраем у Лівіі».

У тым самым інтэрв'ю пасол Расіі салідарызаваўся з пазыцыяй Еўрасаюза адносна зняволення ўдзельнікаў маніфестацыі 19 снежня.

Спробы беларускіх уладаў разганяць акцыі маўклівага пратэсту — гэта перабор, заявіў Сурыкаў. «Такія дзеянні беларускіх уладаў я не ўхваляю», — заявіў ён.

Сурыкаў таксама пацвердзіў зацікаўленасць Расіі ў прыватызацыі беларускіх дзяржаўных актываў.
Урэшце, ён невысока ацаніў эканамічную палітыку Мінска і досыць скептычна выказаўся наконт прынятых антыкрызісных мер. «Мы добра гэта памятаем па 2009 годзе: дэвальвацыя беларускага рубля, бяздзеянне, найперш Нацыянальнага банка, ці, наадварот, дзеянні, якія стварылі каласальны навес зусім незабяспечаных грошай, і вось яно — сітуацыя паўтараецца. Наступная дэвальвацыя — 56%, а насамрэч усе 70%. І за гэты час
Беларусь падрасла ў крэдытных даўгах яшчэ. Што далей? Дэфолт краіны?
Вось чаго мы не хочам у першую чаргу. Таму мы мяркуем, што самае галоўнае — задзейнічанне ўнутраных рэзерваў, якія дае ў тым ліку прыватызацыя», — падсумаваў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?