Расійскае кіраўніцтва не падзяляе пазіцыю беларускіх улад па падаўленні грамадства падчас мірных акцый, якія не парушаюць заканадаўства Беларусі.

Пра гэта заявіў у інтэрв’ю БелаПАН надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў.

«Мы падзяляем пункт гледжання Еўропы, што дзеянні беларускай дзяржавы былі празмернымі пасля 19 снежня, — падкрэсліў дыпламат. — У свеце няма прэцэдэнтаў, каб шэсць кандыдатаў у прэзідэнты садзіліся ў турму па незразумелай матывіроўцы, дакладней, зразумелай: як бы з прычыны спробы звяржэння ўлады і несанкцыянаваных мітынгаў.

Выбары — гэта заўсёды легальная спроба змены ўлады. Улада павінна быць даволі жорсткай да парушальнікаў заканадаўства, але ўлада павінна ўмець і прабачаць».

Расійскі пасол нагадаў, што Расія далучылася да рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якая асуджае дзеянні беларускіх улад пасля 19 снежня 2010 года. «І калі падобнае пытанне будзе вынесена па разгоне ў Беларусі апошніх грамадзянскіх акцый, нашы прадстаўнікі ў міжнародных органах атрымаюць пэўныя ўказанні», — сказаў Сурыкаў.

Але пры гэтым, адзначыў ён, Расія «рэзка выступае супраць уціску на Беларусь, супраць санкцый да яе народа і часці яго кіраўніцтва, прынятых Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі». «Таму што кіраўніцтва, суддзі — хай іх паводзіны не заўсёды адказваюць, можа быць, дэмакратычным асновам, але гэта — іншае пытанне. Найперш яны — грамадзяне. І ўводзіць ім візавыя абмежаванні не варта», — перакананы расійскі пасол.

Да вырашэння такіх крызісных сітуацый, як тая, што паўстала ў адносінах Захаду з Беларуссю, «трэба рухацца з абодвух бакоў, разумна». «Мы падтрымлівалі распачаты ў 2007 годзе дыялог паміж Еўропай і Беларуссю. І шкада, што гэты дыялог разбурыўся», — адзначыў расійскі пасол.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?