У Балгарыі ў лагеры «Чаўдар» каля курортнага горада Обзар адзначаны выпадкі атручэння беларускіх дзяцей.

Як паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Мартынаў, з 13 па 19 ліпеня захварэлі 24 беларускія дзіцяці, якіх адправіла на адпачынак у Балгарыю турыстычная фірма «Вяршыня» і, магчыма, іншыя турарганізацыі. У дзяцей адзначаліся млоснасць, ірвота, у некаторых — дыярэя.

Прычына захворвання — няякасныя прадукты харчавання,
заявіў спецыяліст.

Паводле слоў Мартынава, дзеці атрымалі неабходную медыцынскую дапамогу, стан здароўя іх здавальняючы, шпіталізацыя не спатрэбілася.

Прадстаўнік Мінспорту падкрэсліў, што ўвесь урон будзе пакрыты страхавой кампаніяй.

Нагадаем, гэтым летам ужо адзначаліся масавыя атручэнні беларускіх дзяцей у Балгарыі. 11 ліпеня ў беларускае пасольства паступіла інфармацыя пра масавае атручэнне дзяцей у гатэлі «Грын Парк» у балгарскім Кітэне. У той ці іншай ступені захварэлі каля 100 чалавек. Масавае атручэнне адбылося з-за няякаснай вады ў гатэлі.

У сувязі з гэтымі падзеямі Мінспорту Беларусі афіцыйна заявіла, што турарганізацыі абавязаныя інфармаваць кліентаў, якія выязджаюць за мяжу, аб санітарна-эпідэмічнай абстаноўцы ў краіне адпачынку і магчымай рызыцы заражэння інфекцыйнымі захворваннямі, а таксама ўручаць ім адпаведныя памяткі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?