Новы паварот: Лукашэнка патрабуе ўжо не колькасць збожжа, а рэнтабельнасць. Таксама Лукашэнка змяніў запланаваны праграмай маршрут і сказаў, што і надалей будзе так рабіць.

Аляксандр Лукашэнка даў Віцебскай вобласці адзін год для выхаду сельскай гаспадаркі на рэнтабельную работу, — з сур'ёзнасці паведамляе лукашэнкаўскае агенцтва БелТА.

«Боўтаешся апошні год. У наступным годзе: ёсць рэнтабельнасць — твая праўда, не — адказвай», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара вобласці Аляксандра Косінца.

Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокую думку, што «кіраўнікі гаспадарак ведаюць, якія з сельгаскультур даюць максімальную аддачу на іх землях. На гэту інфармацыю павінны арыентавацца губернатары, а не даводзіць зверху планы па апрацоўцы той або іншай культуры». «Калі зверху ідзе ўстаноўка атрымаць 2 млн т, гэта будзе мінус 20 працэнтаў рэнтабельнасці, а потым усё гэта закладуць у птушку, свініну і наогул ніякай рэнтабельнасці», — растлумачыў ён. «Збожжавыя культуры трэба сеяць з розумам. Я лічу, што тут, на поўначы краіны, адзінкавыя палі, дзе можна сеяць збожжавыя і рэнтабельна атрымліваць ураджай», — сказаў ён. «Навошта апрацоўваць нерэнтабельныя культуры?» — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама і пытанне выпасу жывёлы ў поймах. На яго думку, у Віцебскай вобласці гэтаму ўдзяляецца недастаткова ўвагі. «Віцебская вобласць сёння ў хвасце ў гэтым плане.

Пралятаючы, я не бачыў ніводнага статка ў пойме, аб чым мы дамаўляліся. Прыпяць побач не стаяла з гэтымі ўгоддзямі»,
 — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што перспектывай гэтага рэгіёну з’яўляецца вытворчасць ялавічыны.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы далажыў Лукашэнку аб пачатку і асаблівасцях уборкі ўраджаю збожжавых як у цэлым па краіне, так і Віцебскай вобласці, і ў прыватнасці, у Пастаўскім раёне. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень уборку пачалі ўсе вобласці.Выведзена на палі тэхніка, падрыхтаваны зернесушыльныя комплексы, рапартаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка змяніў запланаваны праграмай маршрут наведвання гаспадарак. Ён выбраў для наведвання СВК «Камайскі». І сказаў, што і надалей будзе адхіляцца ад запланаваных маршрутаў.

Лукашэнка пабываў на малочнатаварным комплексе і на палях. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка, пацікавіўшыся ў старшыні Пастаўскага райвыканкама Віктара Гутарава, якая з гаспадарак з’яўляецца перадавой у раёне, вырашыў наведаць і яе. Найлепшай гаспадаркай раёна з’яўляецца ААТ «Хацілы-Агра», што спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і сее збожжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?