Андрэй Пачобут у сваім дзённіку апісвае механізм выкарыстання пазаштатных супрацоўнікаў у гродзенскіх СІЗА.

«У Ізалятарах часовага ўтрымання працуюць адмысловыя стукачы, якіх закідваюць у камеры да людзей, якія прадстаўляюць “аператыўную цікавасць”. Іхная задача разгаварыць чалавека, выцягнуць інфармацыю, якая пасьля будзе выкарыстана аператыўнымі супрацоўнікамі», — піша Пачобут. — «У турме пераважна “працуюць” тыя, хто сядзіць, выкупляючы сабе лепшыя адносіны з боку следства і меншы тэрмін пакарання. Хаця ёсць і высокакласныя спецыялісты, якіх адмыслова закідваюць “пасядзець і пагутарыць”».

Далей журналіст апісвае дзейнасць аднаго з такіх супрацоўнікаў, якую яму давялося адведаць на ўласным досведзе ў ІЧУ на вуліцы Гая ў Гродне. Справа адбывалася ў першыя дні пасля арышту да пераводу Андрэя ў СІЗА.

«Прыводзяць мяне ў камеру нумар 5. А там ужо чалавечак сядзіць. На вока так гадоў пад 50, у чорных споднях і чорным світары. Кідаю матрац на нары і вітаюся.

— Здарова, — адказвае ён і адразу пытаецца — За што цябе затрымалі?

— За абразу Лукашэнкі, — адказваю.

— А, значыцца ты БНФ-авец! — кажа, у голасе выразна адчуваецца нянавісць.

Я здзіўляюся, таму што ніколі палітычныя не выклікаюць нейкай негатыўнай рэакцыі. Але людзі, як вядома, розныя бываюць. Таму пакуль ніякіх падазрэнняў я не маю.

— Не, кажу, я не БНФ-авец — і хачу растлумачыць яму, хто я, але ён мяне перарывае.

— Ты БНФ-авец, — кажа ён нахабна.

Зразумела, што ў такіх умовах нешта тлумачыць не мае сэнсу, гэта будзе выглядаць як дэманстрацыя ўласнай слабасці.

— Слыш, не гані паражняк. Без цябе нявесела! — адказваю рэзка і раблю крок у ягоны бок.

Гэта прыносіць эфект. Ён яшчэ нешта мамрыча, але ўжо ціха і не ваяўніча. Заснуць у той вечар я доўга не мог».

На раніцу, па словах журналіста, сусед пачаў мірыцца. Назваўся Ігарам. Выявіўся знаўцам турэмнага слэнгу і законаў. Хоць, як запэўніваў, сам не сядзеў. Нібыта ад сяброў з багатым вопытам даведаўся пра турэмныя тонкасці.

Потым у камеру пасадзілі 24-гадовага Кузю, падазраванага ў рабаўніцтве.

На наступны дзень Ігара выклікаюць. Вяртаецца з цыгарэтамі.

— Адвакат мне даў — тлумачыць.

Кажа, што пракуратура вынесла пастанову аб ягоным арышце да суда. Бліжэйшымі днямі ён мае паехаць у гродзенскую турму. Ён пачынае пераконваць, што Пачобуту лёгка апынуцца на свабодзе варта толькі папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі.

«Калі ж ён падчас размовы задае пытанне, ці пісаў я артыкулы пад псеўданімам — усё становіцца ясна», — піша Пачобут. З таго моманту ён толькі ўважліва слухае Ігара, не падаючы віду што раскусіў яго. А той тым часам працягвае абнадзейваць журналіста пра блізкую ўжо свабоду, прыгаворваючы час ад часу, як ён сам хоча дамоў.

Андрэй прызнае, што ў нечым такая тактыка спрацавала: «І хоць я яму кожны раз адказваю — я паеду ў турму — у душы нараджаецца надзея, якую я, як не стараюся не магу перамагчы». І ўсё ж ён не паддаўся і не папрасіў прабачэння. Ігар мяняе тактыку. Пачынае раздаваць парады. Кансультуе Кузю. Таго неўзабаве выклікаюць на допыт. З яго ён вяртаецца з навіной: напісаў яўку з павіннай за крадзеж. І гэта пры тым, што ніхто нават заяву ў міліцыю не пісаў.

«Так што Ігар ўсё ж такі нешта “высядзеў”», — рэзюмуе Пачобут. Калі яго пакідаюць пад вартай, Ігар часова губляе да яго цікавасць і цалкам пераключаецца на іншага суседа. Распытвае Кузю, якая ў ягонай вясковай краме сігналізацыя, ці крадзе той там штосьці, а з працы што валачэ. Пляшка піва ці мех камбікорму для Ігара дробязі, піша журналіст, таму ён паўжартам пытае Кузю, ці «ёсць на ім трупы». І тут аблом. Ігар расчараваны.

Пазней Андрэй сустрэне ў турме Кузю і даведаецца, што Ігар выехаў на следчы эксперымент і ў турму больш не вярнуўся.

***

Андрэя Пачобута судзілі па двух крымінальных артыкулах: 368 (частка І) — «абраза» і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да Лукашэнкі. 5 ліпеня суд Ленінскага раёна прызнаў Анджэя Пачобута вінаватым у паклёпе на адрас прэзідэнта Лукашэнкі і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Другое абвінавачванне ў абразе прэзідэнта з журналіста было знята за адсутнасцю складу злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?