Зборнік «Маска Чырвонае Смерці» склалі проза, паэзія і эсэістыка пісьменніка.

Пра выданне расказваюць яго рэдактары і перакладчыкі По Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская.

«НН»: Том Эдгара По — чарговы ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» і першы — у выдавецкай серыі часопіса «ПрайдзіСвет». Чаму пачалі менавіта з гэтага амерыканца?

Кацярына: Кніга насамрэч рыхтавалася даўно. Укладальнік Андрэй Хадановіч пачаў шукаць перакладчыкаў і матэрыял яшчэ тры гады таму, каб том выйшаў у стогадовы юбілей По (2009). Але якасць запатрабавала больш часу, пра што, думаю, ніхто не шкадуе. За гэты час былі перакладзеныя вельмі значныя для По тэксты, паўстаў часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет», з’явілася ідэя перакладной серыі. Так што спалучылі прыемнае з карысным.

Эдгар По (1809-1849) — амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў у паэзіі, а пасля пачаў пісаць і прозу. Быў адным з першых амерыканскіх аўтараў, хто стварыў свае творы ў выглядзе кароткіх апавяданняў. Лічыцца стваральнікам дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры. Аўтар кніг «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Крумкач і іншыя вершы»…

Ганна: У нашай сітуацыі Эдгар По — аўтар вельмі зручны. Зборнік «Маска Чырвонае смерці» складаецца з самых розных апавяданняў, вершаў, эсэ. Многія перакладчыкі, якім прапаноўвалася ўзяць удзел у працы, лёгка маглі знайсці штосьці на свой густ. Хочаш — смешнае апавяданне, хочаш — страшнае, хочаш — рамантычная паэма, хочаш — лёгкі альбомны верш. Дзякуючы такой разнастайнасці ўдалося залучыць многіх перакладчыкаў. Апроч гэтага, паасобныя творы По ўжо перакладаліся Сяргеем Шупам, Уладзімірам Шчасным, Юрасём Бушляковым, Алегам Мінкіным, Андрэем Хадановічам. Так і атрымаўся зборнік выбранага.

«НН»: Творы для кнігі перакладалі 19 сучасных аўтараў. У савецкія часы, спрыяльныя для перакладаў замежнай класікі, ніхто не звяртаўся да спадчыны По?

Ганна: Думаю, да По не звярталіся з той самай прычыны, з якой амаль не звярталіся і да Уайлда, Кітса, Гофмана, Расіна, Леапардзі... Перакладалася на беларускую мову вельмі мала, і няма нічога дзіўнага ў тым, што По не трапіў у спіс «абраных». Тым больш, што адбор часта рабіўся паводле крытэраў хутчэй ідэалагічных, чым літаратурных. Можа, Эдгару По нават пашчасціла, што за савецкім часам ён не трапіў перакладчыкам пад гарачую руку.

Кацярына: Мабыць, за савецкім часам По быў не самым пажаданым аўтарам. Да таго ж, тады нашмат шырэйшай была сумная тэндэнцыя перакладаў не з мовы арыгіналу, а з рускай, што робіць немагчымым перадрук многіх перакладных тэкстаў той эпохі цяпер. Але По, здаецца, не перакладалі нават так.

«НН»: Эдгар По — рамантык першай паловы ХІХ стагоддзя. Чаму варта перакладаць класікаў, а не сучасных пісьменнікаў? Не менш таленавітых і значна бліжэйшых па духу сённяшняму чытачу.

Кацярына: Перакладаць варта ўсіх, і чым больш, тым лепш. Сучасныя чытачы вельмі розныя, мабыць, недзе ёсць і такія, для каго пазней за валійскага барда Таліесіна літаратуры не існуе. Перакладчыкі вельмі розныя таксама. Хай даруюць мне чытачы, але асабіста я, перакладаючы таго ці іншага пісьменніка, пра іх не думаю. Гэта як з перакладаным аўтарам: для мяне немагчыма перакласці нейкі тэкст толькі таму, што ён павінен быць перакладзены. Спробы былі, але нічога добрага з гэтага не атрымалася. Галоўнае тое, супаў ты з аўтарам ці не. А бывае, што не супаў, не разумееш, але тэкст закрануў і заінтрыгаваў так, што спаць не будзеш, пакуль не разбярэшся ды не перакладзеш. Перакладаць кагосьці няблізкага — вельмі сумная катарга. Тут не адгадаеш, таму, супаўшы з аўтарам, застаецца спадзявацца на тое, што супадзеш і з чытачом. Пачынаць перакладаць ва ўпэўненасці, што беларускаму чытачу гэта вось ужо дакладна неабходна і ён без гэтага ніяк — няправільна, як на мяне. Няхай чытач сам робіць выбар.

Ганна: Перакладаць варта добрую літаратуру, а будзе яна класічнай ці сучаснай — гэта ўжо справа прыхільнасцяў перакладчыка і запатрабаванасці сярод выдаўцоў. У любым выпадку залаты фонд неабходны хаця б для таго, каб гэтымі перакладамі маглі карыстацца школьнікі, студэнты, навукоўцы. Апроч таго, сучасная літаратура часам патрабуе дадатковае рэкламы — з’яўляецца новы аўтар, але ніхто не ведае, які ён цудоўны. Класіка ў нашым выпадку — варыянт бяспройгрышны. Усе ведаюць, хто такі Эдгар По і чаму любы адукаваны чалавек мусіць яго чытаць.

«НН»: Першы том серыі выйшаў. Наступны рыхтуецца?

Кацярына: Так. Выйдзе гэта ці не выйдзе, залежыць ад многіх фактараў, але перакладаць ніхто не перашкаджае. Спадзяемся, хутка будзе гатовы зборнік гатычных апавяданняў Чарлза Дыкенса і апавяданні Артура Конана Дойла пра Шэрлака Холмса.

Маска Чырвонае Смерці / Эдгар По; Выбраныя навелы, вершы, эсэ / Пераклад з англійскай. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 472 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum»).

Кніга з’явіцца ў кнігарнях у найбліжэйшы час.

Па пытаннях набыцця звяртайцеся на e-mail rada(сабака)prajdzisvet.org.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?