Дырэктары прадпрыемстваў і мясцовыя органы ўлады чыняць перашкоды правядзенню прыватызацыі ў Беларусі,

заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў 21 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«У нас у краіне шмат праціўнікаў прыватызацыі — гэта дырэктары прадпрыемстваў, якіх падтрымліваюць мясцовыя органы ўлады, кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў», — пералічыў Кузняцоў.

Паводле яго слоў, кіраўнікі многіх прадпрыемстваў, што ўвайшлі ў план прыватызацыі на 2011–2013 гады, зразумелі, што з прыходам новых уласнікаў могуць пазбавіцца сваіх пасадаў, таму што не змаглі забяспечыць эфектыўную працу кампаній. «І цяпер яны пачынаюць бударажыць калектывы, запалохваць, зрываць конкурсы і аўкцыёны. Так, напрыклад, было па Лідскім заводзе харчовых канцэнтратаў, які спрабавалі прадаць па конкурсе, на ўмовах, вылучаных канцэрнам „Белдзяржхарчпрам“. Але калі дайшла справа да конкурсу, калі з’явіліся добрыя інвестары, у якіх вялікія рынкі збыту, конкурс сарваўся», — паведаміў Кузняцоў.

Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя складваецца вакол Баранавіцкай швейнай фабрыкі і гомельскага прадпрыемства «Элегант». «Дырэктар бударажыць калектыў, падключае мясцовыя органы ўлады, прафсаюзы, і стараецца сарваць прыватызацыю. Дрэнна, што і міністэрствы і ведамствы падтрымліваюць гэтых кіраўнікоў прадпрыемстваў», — падкрэслівае старшыня Дзяржкаммаёмасці.

Апрача таго, зазначыў ён, міністэрствы і ведамствы сур’ёзна не займаліся прадпрыемствамі, якія ўвайшлі ў план прыватызацыі, і сваімі дзеяннямі таксама перашкаджаюць продажу актываў. «Спачатку ўносяць прапановы прадаваць прадпрыемствы па конкурсе ці на аўкцыёне, а як толькі пачынаем абвяшчаць дату конкурсу ці аўкцыёну, прысылаюць лісты, што перадумалі», — апісвае дзеянні міністэрстваў і ведамстваў Кузняцоў.

Але калі справа даходзіць да продажу, пакеты акцый усё роўна застаюцца нерэалізаванымі. Адна з прычын, паводле слоў Кузняцова, заключаецца ў тым, што міністэрствы і ведамствы выстаўляюць такія фінансавыя ўмовы, якія палохаюць інвестараў.

Разам з тым ён спадзяецца, што сітуацыя зменіцца. «І міністэрствы, і мясцовыя органы ўлады ўсведамляюць, што прадпрыемствам трэба знайсці эфектыўнага ўласніка, які ўкладзе сродкі ў мадэрнізацыю і іх развіццё», — сказаў Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?