Пастаўка казахстанскай нафты ў Беларусь без дамоўленасці з Расіяй немагчымая, заявіў журналістам беларускі пасол у Казахстане Валерый Брылёў перад нарадай кіраўнікоў беларускіх загранустаноў у МЗС 22 ліпеня.

Ён адзначыў, што цераз Беларусь у Еўропу транспартуецца казахстанская нафта; акрамя гэтага, Казахстан экспартуе ў Беларусь прадукты нафтаперапрацоўкі. «Мы атрымліваем для перапрацоўкі не саму чыстую нафту, а газойль і мазут. Чыстую нафту — пакуль не, але мы вядзём аб гэтым перамовы. Без Расіі, без трохбаковай дамоўленасці прапампоўванне нафты пакуль практычна немагчымае», — сказаў Брылёў.

У цэлым, паводле яго слоў, эканамічныя і палітычныя адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам развіваюцца паспяхова. Пасол таксама заявіў пра «вялікія надзеі» на Мытны саюз Беларусь з Казахстанам і Расіяй, аднак «вынікі ў гэтым плане пакуль яшчэ сціплыя».

«Асабіста я правёў больш за 50 сустрэч з нашымі экспарцёрамі, зацікаўленымі ў развіцці гандлёвых адносін з Казахстанам. Гэта розныя прыватныя і дзяржаўныя кампаніі і фірмы, у якіх ёсць цікавасць працаваць. Яны працуюць — хто лепш, хто горш — і імкнуцца трапіць на казахстанскі рынак. Зразумела, усе з думкай пра тое, што Мытны саюз дапаможа лягчэй пераадольваць бар’еры, і наша прадукцыя там будзе і таннейшай, і больш запатрабаванай», — сказаў дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?