Заўтра, 9 студзеня, у судзе Ленінскага раёну Горадні а 10:00 пачнецца суд над Вадзімам Логінавым і Аляксеем Крывінцовым.

21 верасьня мінулага году хлопцы нанесьлі на сьценах каледжу прыборабудаваньня і інтэрнату, у якім пражывае Крывінцоў, па‑беларуску графіці антыдзяржаўнага зьместу. У той самы дзень абодва гарадзенцы былі затрыманыя міліцыянтамі.

На Вадзіма і Аляксея адразу ж былі заведзеныя крымінальныя справы па артыкуле 314 Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне будынкаў цынічнымі надпісамі ці выявамі». Па гэтым артыкуле хлопцам пагражае штраф ці арышт тэрмінам да трох месяцаў.

Трэба адзначыць, што адразу па завядзеньні крымінальнай справы Логінаў і Крывінцоў выплацілі матэрыяльныя выдаткі, якія пайшлі на рамонт будынкаў, але справа не была закрытая.

Абодва хлопцы не зьяўляліся сталымі актывістамі дэмакратычнага руху Горадні, засьвяціўшыся толькі падчас сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў, агітуючы за Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля чаго зьніклі з поля грамадзкай дзейнасьці. Пра сам факт судовага працэсу над гарадзенцамі праваабаронцам стала вядома толькі за двое сутак да суду.

Праваабаронцы з незарэгіставанага цэнтру «Вясна» кажуць, што дагэтуль былі ўпэўненыя, што ўсе палітычнаматываныя справы ў краіне праходзяць пад іхнім кантролем, але пасьля выпадку з Логінавым і Крывінцовым засумняваліся ў гэтым. «Цалкам магчыма, што па краіне дзе‑нідзе ўжо праходзілі падобныя працэсы, але пра іх ніхто ня чуў», – кажуць у «Вясьне».

Гэта ня першы выпадак пакараньняў за графіці ў Горадні. У свой час двух студэнтаў выключылі з унівэрсытэту за надпіс "Спыніць русіфікацыю". Адміністрацыйных жа справаў былі ўжо дзясяткі.

Вадзім Логінаў кажа, што нанясеньнем «графіці» яны хацелі выказаць пратэст супраць тых рэчаў, што робяцца ў краіне, выказаць такім чынам сваю грамадзянскую пазыцыю. Адносна магчымага выраку суду Вадзім не загадвае. Ён кажа, што гатовы да ўсяго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?