Прымусовае высяленне Партыі БНФ са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8, адбудзецца 26 ліпеня ў 10 гадзін. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.

"Нам прыйшло паведамленне ад судовага выканаўцы, у якім гаворыцца аб часе прымусовага высялення. У ім таксама гаворыцца, што ў выпадку неабходнасці ЖРЭА павінна забяспечыць прымусовае ўскрыццё замкоў з наступнай іх заменай, а РУУС Савецкага раёна — накіраваць супрацоўнікаў для забеспячэння правапарадку", — паведаміў палітык.

Кастусёў зазначыў, што для тых, хто прыйдзе высяляць партыю,

"рыхтуюцца сюрпрызы".

Ён таксама паведаміў, што ў партыі ёсць запасны варыянт з офісам, прэзентацыя якога будзе зроблена ў найбліжэйшыя два тыдні.

***

Нагадаем, 10 мая гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб'яднанне "БНФ "Адраджэньне", а таксама іх мінскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8. 21 чэрвеня калегія гаспадарчага суда адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі партыі.

Зараз партыя спрабуе абскардзіць рашэнне гаспадарчага суда ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Паводле слоў Кастусёва, дата разгляду скаргі пакуль не вызначана.

Сталічны офіс па праспекце Машэрава, 8, арандаваўся Партыяй БНФ з 1992 года. Дзейны тэрмін арэнды закончыўся 31 сакавіка 2011 года. ЖРЭА Савецкага раёна адмовілася заключаць новы дагавор арэнды і падалі іск аб высяленні структур Партыі БНФ з памяшкання. Свае дзеянні ЖРЭА растлумачыла неабходнасцю далейшага выкарыстання памяшкання "для ўласных патрэб".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?