Першыя цяжкасьці пасьля падаражаньня расейскіх энэргарэсурсаў адчулі шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць пра складаную сытуацыю на гарадзенскім «Азоце» ды менскім «МАЗе».

З зразумелых прычынаў ад праблемаў з расейскімі энэргарэсурсамі пацерпяць у першую чаргу прадпрыемствы, чый тэхналягічны працэс непасрэдна зьвязаны з нафтай і газам.

На наваполацкім «Нафтане» пакуль усё нібыта спакойна. Прынамсі афіцыйнае кіраўніцтва паведамляе пра 100% загружанасьць магутнасьцяў. Штопраўда прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу сьведчаць пра няпэўны стан прадпрыемства і насьцярожанасьць пэрсаналу. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод зьяўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам, і калі горшыя прагнозы спраўдзяцца, гарадзкі, а таксама й абласны бюджэт, пацерпяць у значнай ступені.

Менскі аўтазавод таксама адчуе новы кошт на расейскі газ, бо з новага году ён павялічыцца на 94%. Але доля выдаткаў на газ у сабекошце прадукцыі МАЗу складае толькі 5%, у той час значна большыя выдаткі на электра‑ і цеплаэнэргію ўзрастуць на 50 і 32% адпаведна. Падлічана, што рэнтабэльнасьць прадукцыі зьнізіцца на трэць, а агульныя страты ад падвышэньня коштаў на энэргарэсуры складуць прыкладна 35 мільёнаў даляраў. На заводзе чакаюць падаражаньня камплектуючых, але пэўнай інфармацыі пра кошты ад пастаўшчыкоў пакуль не атрымана. Толькі ў Беларусі МАЗ супрацоўнічае са 144 прадпрыемствамі.

На гарадзенскім «Азоце», які спажывае каля 1,4 млрд.куб.м газу ў год, стрымана кажуць пра тое, што прадпрыемства будзе працаваць, але дзеля гэтага неабходна скарачаць выдаткі ды шукаць рэзэрвы. І, безумоўна, у сёньняшніх варунках без дзяржаўнаў дапамогі прадпрыемству будзе дужа няпроста.

ААТ «Азот» — гэта буйное прадпрыемства хімічнага комплексу Беларусі. І асноўны вытворца азотных угнаненьняў. Газ тут выкарыстоўваецца і як сыравіна для вытворчасьці асноўнай прадукцыі, і ў якасьці паліва для працы тэхналагічнага абсталяваньня.

Падаражаньне паліва зрабіла нерэнтабельнай вытворчасьць угнаеньняў, бо кошты на іх вызначаліся з улікам старой цаны на газ. Цяпер на «Азоце » чакаюць адпаведнага рашэньня ўраду.

Адна з найбольш залежных ад коштаў на газ галіна прамысловасьці — вытворчасьць цэмэнту. Міністар архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Селязьнёў паведаміў, што ў 2007 г. кошт 1 тоны беларускага цэмэнту складзе 70 даляраў, то бок узрасьце на 30%. Міністар супакойвае, што гэта ўсё адно канкурэнтназдольны кошт у параўнаньні з коштамі на польскую, расейскую, ці ўкраінскую прадукцыю. Па словах міністра беларускі вытворца цэмэнту «Крычаўцэмэнташыфэр» мае магчымасьць скараціць выдаткі за кошт зьмены тэхналёгіі. Пераход на так званы сухі спосаб вытворчасьці дазволіць зьнізіць энэргазатраты на вытворчасьць прадукцыі ў яе сабекошце з 40‑50% да 15‑18%. Аднак незалежныя экспэрты адзначаюць, што вытворчасьць беларускага цэмэнту балянсавала на мяжы стратнасьці і пры старых коштах.

Відавочна, што новыя кошты на расейскае паліва адчуюць ня толькі на беларускіх прадпрыемствах, ды ў гарадох, кшталту Наваполацку, але ў кожнай беларускай сям’і. На адной з апошніх прэс‑канфэрэнцыяў першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец зазначыў, што грамадзкі сэктар чакаюць зьмены ў пляне энэргазабесьпячэньня. Будзем вучыцца эканоміць.

У ноч на панядзелак ўпершыню былі прыпыненыя пастаўкі нафты ў Эўропы праз нафтаправод "Дружба". Расейская "Транснефть" абумовіла гэта адмоўваньнем нафты ў Беларусі з транзытнага нафтаправоду. Гэта лішні раз сьведчыць пра тое, што Масква рыхтуе новыя меры ціску на Беларусь.

Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у звычайным рэжыме, хоць пастаўкі нафты з Расеі перапыненыя з 1 студзеня. Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, пакуль хапае рэзэрваў. Адборы нафты з "Дружбы" сьведчаць, што Беларусь ня хоча сваіх рэзэрваў вычэрпваць.

“Белнафтахім” адрокся закупак нафты з Расеі з 1 студзеня, пасьля ўвядзеньня нашай суседкай экспартных мытаў на пастаўкі нафты ў Беларусь. У выніку гэтага чорная сыравіна падаражэла для нашай краіны на 180 даляраў. Раней Беларусь атрымлівала нафту бяз мыта, у адрозьненьне ад Украіны ці Літвы, якія плацілі поўныя грошы.

Пра павышэньне мытаў стала вядома 11 сьнежня, калі адпаведнае рашэньне падпісаў расейскі прэм’ер Фрадкоў. А прадчувалася яно месяцы з два таму, пасьля таго, як ранейшую сытуацыю скрытыкаваў прэзыдэнт Пуцін. Расея зьвінаваціла Беларусь у рээкспарце нафты на шкоду расейскаму бюджэту. Тым ня менш за гэты час беларускія ўлады не знайшлі выхаду з становішча.

Перад самым Новым годам Аляксандар Лукашэнка даў загад падпісаць пагадненьня аб пастаўках газу ў Беларусь узамен за перадачу Расеі газаправоднай сеткі “Белтрансгаз”, хоць прэм’ер Сідорскі назваў ўгоду нявыгаднай для нашай краіны. А. Лукашэнка разьлічваў, што пасьля гэтага будзе адмененае рашэньне аб увядзеньні экспартнага мыта на пастаўкі нафты. Аж не. Масква з радасьцю прыняла адкупное, але не сьпяшаецца выконваць вусныя абяцанкі.

Спрабуючы вырваць ад Масквы палёгкі, Аляксандар Лукашэнка 4 студзеня загадаў абкладаць беларускім мытам гіганцкі расейскі нафтавы транзыт празь Беларусь. Гэтых грошай зь ліхвой выстарчыла б, каб кампэнсаваць рост цэнаў, ды толькі няма гарантыі, што Расея будзе іх сплочваць. У расейскай кампаніі “Транснефць” і Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця й гандлю такія мыты называюць незаконнымі і супярэчнымі міждзяржаўным пагадненьням.

Цяпер беларускі ўрад разьлічвае падпісаць хоць які варыянт падзелу мыта на экспарт нафтапрадуктаў. Сідорскі хацеў бы, каб 50 % мыта трапляла ў беларускі бюджэт. Перамовы аб гэтым пойдуць адразу пасьля сканчэньня калядных вакацый у Расеі, 9 студзеня. Беларуская доля мытаў можа аказацца і ніжэйшаю за 50 %. У любым разе, прыбыткі беларускага бюджэту сёлета могуць аказацца ніжэйшымі за прагнозныя. Калі мінулыя гады Расея пастаўляла ў Беларусь паліва па мінімальных цэнах узамен за палітычную залежнасьць і палітыку русіфікацыі, якую праводзіла адміністрацыя А. Лукашэнкі, цяпер Крэмль усё настойлівей патрабуе платы па рахунках – ласых кавалкаў беларускай гаспадаркі. Сьледам за газаправодамі “Ямал-Эўропа” і “Белтрансгаз” гэта могуць быць нафтаперапрацоўчыя заводы.

У цяжкім процістаяньні з Масквой урад Лукашэнкі ня можа разьлічваць па палітычную і фінансавую дапамогу Захаду, які ў аналягічных сытуацыях дапамог вытрымаць ціск і перабудаваць гаспадарку спачатку краінам Балтыі, а апошнія гады – Украіне і Грузіі. Гэтыя краі перажылі “газавы шок” безь вялікага клопату для эканомік.

Гэта дае дадатковы аргумэнт апазыцыі. Кіраўнікі незалежніцкіх колаў ускладаюць на А. Лукашэнку адказнасьць за тое, што краіна на пятнаццатым годзе незалежнасьці застаецца цалкам залежнаю ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што мы назіраем правал лукашэнкаўскай замежнай палітыкі. Аляксандар Казулін перадаў з турмы на волю сваю ацэнку сытуацыю з увядзеньнем транзытных мытаў на нафту: “Рэпутацыя беларускага рэжыму як надзейнага партнэра збанкрутавала”. А Зянон Пазьняк наўпрост назваў газавыя пагадненьні незаконнымі і заявіў, што “ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб іх адмяніць”.

Да канца студзеня напэўна стане вядома, колькі нафтавага мыта зможа выгандляваць для Беларусі адміністрацыя А. Лукашэнкі. Аднак пройдзе яшчэ мінімум паўгоду, перш чым стане адчувальна, як зрэагавала гаспадарка на яшчэ не сярэднеэўрапейскія, але падрослыя цэны на газ. Тады ж будзе відаць, ці ўдаецца ўтрымаць сацыяльныя праграмы на здавальняючым узроўні ва ўмовах скарачэньня даходаў бюджэту.

Незалежныя эканамісты прадказваюць у такой сытуацыі непазьбежны рост інфляцыі і дэвальвацыю беларускага рубля. На думку Алены Ракавай, фінансавая дэстабілізацыя можа пачацца пад канец першага паўгодзьдзя 2007 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?