Сьвята шызафрэніі

Каляднае беларускае тэлебачаньне дало, напэўна, багата матэрыялу для псыхааналітыкаў і псыхіятраў. Нехта яшчэ даўно заўважыў, што плюралізм у адной галаве, хутчэй, падобны да шызафрэніі.

Трэба было ў адным сюжэце «Панарамы» скрытыкаваць палітыку расейскіх энэргэтычных манаполіяў і расейскі імпэрыялізм, каб адразу пасьля гэтага, без перадыху, выкрываць імпэрыялізм амэрыканскі. А ў мэтах больш эфэктыўнай крытыкі выкарыстоўваць цытаты з салідных амэрыканскіх газэт кшталту «Уол‑стрыт джорнэл» і «Файнэншл таймс». (Цытату наконт «хуліганства й бандытызму» расейскага боку ў дачыненьні Беларусі БТ працытавала за некалькі дзён, напэўна, разоў трыццаць). І пры гэтым трэба не забыцца абвінаваціць ва ўсім беларускую апазыцыю, якая нібыта ўзрадавалася грабежніцкім цэнам на газ.

У «Панараме тыдня» напярэдадні Раства сюжэт пра апазыцыю, з прадстаўнікамі якой сустракаліся ў Беларусі супрацоўнікі амбасады ЗША, заняў ці не ўдвая больш месца ў этэры, чым сюжэт пра эканамічныя дачыненьні з «хаўрусьнікам». А тэма праваслаўных калядаў нечуваным чынам была адсутнутая ў канец галоўнай інфармацыйнай праграмы!

Пагледзеўшы ў гэтыя дні выпускі навінаў на беларускіх тэлеканалах, міжволі ўспамінаеш школьныя падручнікі савецкай гісторыі з мапамі: «Расея ў коле франтоў» у 1918‑1919 гадох. Толькі Расея цяпер сама выступае ў ролі хаўрусьніка Антанты. (Апазыцыі ж, відаць, адводзіцца роля «белачэхаў», якія захапілі транссіберскую чыгуначную магістраль).

Зусім лішнім, зразумела, будзе тут згадваць БНР. Цікава, што Аляксандар Лукашэнка, назваўшы днямі сябе «першым кіраўніком незалежнай Беларусі», фактычна адсек ад яе гісторыі ня толькі Беларускую Народную Рэспубліку, але й БССР – сузаснавальніка ААН. Гісторыя Беларусі, як нам даводзяць, пачалася нават не 1991‑м годзе, і не ў 1994‑м, а толькі цяпер, у гэтыя студзеньскія дні. Бо калі сьледваць лёгіцы сучасных ідэёлягаў, пакуль Расея забясьпечвала былую саюзную рэспубліку таннымі газам і нафтай, ніякай пагрозы сувэрэнітэту Беларусі не існавала. Гэта нейкія прагныя злыя дзядзькі ў Расеі, якія невядома скуль узяліся і чыіх імёнаў ніхто ня ведае, раптам вырашылі набіць кішэні далярамі за кошт братняй Беларусі і тым самым зьнянацку паставілі яе перад неабходнасьцю бараніць сваю незалежнасьць. Як кажуць, не было б шчасьця.

Ніхто ня хоча жыць у зямлянках

Палохаючы беларускі народ пагрозамі з Усходу і Захаду, дзяржаўныя СМІ, бадай, крыху перастараліся. Калі ні там ні там не засталося хаўрусьнікаў ці проста «шчырых і прыстойных людзей» (выраз чыноўніка беларускай мытні), дык складаецца даволі жахлівая карціна: мо’ сапраўды адзіным выйсьцем для беларусаў застаецца вайна супраць усіх!?

Характэрна, што тэма «сыходу ў зямлянкі» захліснула ў гэтыя дні многія сайты й блогі ў інтэрнэце, і гэта ёсьць карыкатурна‑іранічным адлюстраваньнем, свайго роду адваротным бокам дзяржаўнай прапаганды. Сапраўды, сьвет ацалеў таму што сьмямяўся.

Але ёсьць у гэтым сьвяце дзяржаўнай шызафрэніі і іншы бок. Як вядома, процілегласьці сыходзяцца. Аляксандар Мілінкевіч, іншыя дзеячы апазыцыі выказалі ў пярэдадзень Новага году, так бы мовіць, стрыманы аптымізм у сувязі з маючым адбыцца пераходам у беларуска‑расейскіх дачыненьнях на рынкавыя рэйкі. У яўнай або няяўнай форме выказваліся спадзяваньні, што сканчэньне «беларускага эканамічнага цуда» прывядзе да разбурэньня сацыяльнай стабільнасьці і адпаведна – да рэвалюцыйнага абуджэньня масаў.

Калі б усё было так адназначна й проста, як гэта апісваецца ў падручніках марксізму‑ленізму... Надзвычай жорстія санкцыі Расіі ў дачыненьні Грузіі, як мы бачылі, прывялі толькі да яшчэ большай кансалідацыі грузінскай нацыі вакол прэзыдэнта Саакашвілі. (Будзем спадзявацца, ў крамлёўскіх дарадцаў ня хопіць фантазіі дадумацца да падобных крокаў у дачыненьні да беларусаў, і ўчорашніх «братоў» ня стануць высылаць з Масквы ў Беларусь сотнямі ў заплямбаваных вагонах.) Пры гэтым аўтарытарны характар рэжыму Саакашвілі канстатуюць ужо ня толькі лідэры грузінскай апазыцыі, але дэмакратычныя інстытуцыі ў краінах НАТО, куды Грузія імкнецца ўступіць.

Калі на хвіліну забыцца на існаваньне Абхаскай і Паўднёва‑Асэтынскай праблемаў, дык Грузія паводле свайго дзяржаўнага ўладкаваньня нагадвае зараз Беларусь прыкладна 1997‑98 гадоў.

Тым не менш, Саакашвілі падчас свайго кароткага адпачынку ў Закарпацьці ва Ўкраіне без ценю іроніі падзякаваў крамлёўскаму кіраўніцтву за эканамічныя санкцыі супраць Грузіі, паколькі яны, паводле яе прэзыдэнта, вымусілі грузінскіх гаспадарнікаў варушыцца, шукаць новыя рынкі збыту, ды проста рабіць прадукцыю канкурэнтаздольнай.

Прыклад Славаччыны

Ці здольнае беларускае кіраўніцтва (ня толькі кіраўнік дзяржавы, але прэ’м’ер, кіраўніцтва ўраду, міністэрства энергэтыкі, напрыклад, якому незалежнай прэсай было выдадзенае столькі авансаў), а таксама кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў шукаць і знаходзіць альтэрнатывы цяперашняму стану рэчаў, калі можна выпускаць большую частку прадукцыі «на склад»? І забясьпечваць «сярэднюю зарплату» ў 400 даляраў, пераважна з дапамогай друкавальнага станка? Ці гатовыя працоўныя беларускіх заводаў шукаць працу за мяжой – да прыкладу, ў тае самае Расеі, або станавіцца дробнымі прадпрымальнікамі, якіх у Беларусі да апошняга часу трымалі за «вшивых блох»? І ці здольная апазыцыя патлумачыць, людзям, што адбываецца? Самі па сабе эканамічныя варункі ня зробяць таго, што могуць і павінныя зрабіць інтэлектуальная і дзяржаўная эліты.

Мы бачым, што нават у ЭЗ, з яго вольным рынкам больш‑менш агульнымі правіламі, народы розных краінаў па‑рознаму рэагуюць на цяжкасьці пераходнага пэрыяду. Вядомы эканаміст Лешэк Бальцаровіч, які сыходзіць з пасады прэзыдэнта Нацыянальнага банку Польшчы, ў інтэрвью «Газэце выборчай» аспрэчыў модную апошнім часам тэзу, быццам народы Цэнтральнай Эўропы, у першую чаргу палякі, стаміліся ад лібэральных рэформаў і таму шукаюць выйсьця альбо ў левай ідэялёгіі, альбо ў клерыкалізме ды антыкамунізме. Ён прыводзіць у прыклад краіны Балтыі, дзе рэформы ідуць значна больш шпаркімі тэмпамі, чым у Польшчы, але правыя партыі не губляюць папулярнасьці. Прывёў ён у прыклад і Славаччыну, якую ў сярэдзіне 1990‑х гадоў ніхто не ўспрымаў усур’ёз. У выніку рэформаў правага ўраду Дзурынды Славаччына займае цяпер адно з першых месцаў у сьвеце паводле тэмпаў эканомічнага разьвіцьця, а рэформы аховы здароўя і ворганаў юстыцыі ў гэтай краіне лічацца ўзорнымі.

Хто ведае, калі б Беларусь распачала рэформы сьледам за Славаччынай, урад якой 12 гадоў таму ўзначальваў экс‑баксёр, малаадукаваны папуліст Мечыяр, напэўна, зараз перад беларускім кіраўніцтвам стаялі б праблемы зусім іншага маштабу і характару. І мабыць, як колісь Славаччына, Беларусь нават спазнала б аднойчы радасьць чэмпіёнства ў сусьветным хакеі, а не ў бутафорскіх «калядных турнірах»?

Але гісторыя, як вядома, ня мае ўмоўнага складу.

Раніцой мы прачнуліся?

І ўраду, і апазыцыі, і грамадзтву Беларусі ў цэлым давядзецца прывыкаць жыць і дзейнічаць у зусім новых прапанаваных абставінах. Традыцыйны журналісцкі штамп: «мы прачнуліся ў зусім іншай краіне», 1 студзеня 2007 году нечакана спраўдзіўся. Ці, прынамсі, можа спраўдзіцца цягам бліжэйшых месяцаў.

Няма больш міту пра Саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі. Няма міту пра братэрства славянскіх народаў. Зразумела, як толькі міт пра Саюз лопнуў, зь яго, бы з расейскай матрошкі, вылез стары новы міт пра Рэспубліку Беларусь, якая захавала ў сабе і нясе сьвету ўсё лепшае, што было ў Савецкім Саюзе. Савецкая Расея, як мы памятаем з падручнікаў гісторыі, выжыла й ператварылася ў таталітарнага монстра зь ядравай дубінай. Для гэтага давялося замарыць голадам мільёны людзей, мільёны астатніх загнаць у ГУЛАГ.

Ці гатовая Беларусь на пачатку новага тысячагодзьдзя яшчэ раз заплаціць – хай зусім не такую цану, значна меншую – усяго толькі лёсам будучых пакаленьняў за тое, каб усьвядоміць, што яна можа захавацца толькі як эўрапейская краіна? Краіна са сваім адметным нацыянальным тварам, а не глухая расейская правінцыя з сваімі ўласнымі грашыма, мытнямі ды астрогамі.

Апазыцыйныя сілы, як вядома, так і не выпрацавалі агульнай стратэгіі, што да выбараў у мясцовыя саветы. Беларускае тэлебачаньне з радасьцю цытавала нядаўна словы Мілінкевіча, які скрытыкаваў апазыцыйныя партыі за правал перадвыбарнай кампаніі: хтосьці з дэмакратычных кандыдатаў вырашыў удзельнічаць, хтосьці зняў кандыдатуру, хтосьці заклікаў да байкоту. Але на ягоную думку, як і на думку многіх дэмакратычных актывістаў, галоўнае, што давала выбарчая кампанія – гэта магчымасьць данесьці да выбарцаў сваю пазыцыю. Гэта так. Але ці ёсьць яна на сёньняшні дзень? Ці было з чым ісьці актывістам да людзей? І ці хапае мужнасьці гаварыць зь імі на самыя складаныя тэмы – пра тое, як жыць далей, хто вінаваты і што рабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?