У судзе Наваполацка (Віцебская вобласць) 22 ліпеня прайшлі працэсы па адміністрацыйных справах грамадзян, затрыманых пасля акцыі маўклівага пратэсту 20 ліпеня.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Юрый Рудкоўскі аштрафаваны на тры базавыя велічыні, яго маці Людміле Рудкоўскай суд вынес папярэджанне.

Таксама папярэджаннем суд абмежаваўся ў дачыненні да Наталлі Муляронак, якая выхоўвае малое дзіця. Яна паведаміла праваабаронцам, што суд фактычна праходзіў сам-насам з суддзёй і доўжыўся прыкладна тры хвіліны.

Пакуль невядома, якое пакаранне вынесена яшчэ двум затрыманым падчас акцыі — Яўгену Парчынскаму і Мікалаю Назараву.

Нагадаем, 20 ліпеня ў Беларусі прайшла восьмая па ліку акцыя маўклівага пратэсту, арганізаваная інтэрнэт-супольнасцю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Паводле звестак праваабаронцаў, было затрымана прыкладна 30 чалавек, з іх 20 — у сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?