Змітра Бандарэнку, які сёння раніцай быў дастаўлены ў бальніцу, павезлі ў невядомым напрамку людзі ў цывільным.

Як паведаміла чго жонка Вольга, зняволенага даставілі з турэмнай бальніцы ў 5-ю клініку Мінска пад аховай прыкладна ў 10.00. «Я прайшла ў прыёмнае аддзяленне, каля ўваходу стаялі сябры Дзімы. Увайшоў чалавек у цывільным і сказаў, што, калі мы не хочам непрыемнасцяў, то павінны разысціся. Я была ўнутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, паехала», — паведаміла Вольга Бандарэнка.

Паводле яе слоў, дактары бальніцы ўжо практычна аформілі дакументы, але Бандарэнку павезлі, «і дакументы паклалі ў стол». Дзе зараз знаходзіцца яе муж, Вольга не ведае.

Як паведамлялася раней,

26 ліпеня Бандарэнку павінны апераваць у 5-й бальніцы.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх».

Пасля затрымання ў снежні мінулага года і ўтрымання пад вартай у СІЗА КДБ у яго абвастрыліся хранічныя захворванні. У маі яго агледзеў доктар-неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбна аперацыя — у яго дыягнаставаныя чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў медсанчасць, а затым у Рэспубліканскую турэмную бальніцу. Бандарэнка паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію або аперацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму адмоўлена. Фактычна размова ідзе аб прымусовай аперацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Змітра.

Неадкладна вызваліць Змітра Бандарэнку афіцыйны Мінск заклікаў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек. У эфіры радыёстанцыі Polskie Radio 24 ліпеня ён заявіў: у дачыненні да Бандарэнкі ўлады паводзяць сябе «агідна і бесчалавечна». У зняволенага «сур’ёзныя праблемы з пазваночнікам, ён мае патрэбу ў спецыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі», канстатаваў Бузек. «Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя, і можа нават прывесці да пастаяннай інваліднасці», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?