На жалобныя мерапрыемствы прыбылі біскупы і арцыбіскупы з Беларусі, Латвіі, Польшчы і Украіны, беларускія святары і вернікі, прадстаўнікі ўладаў Беларусі, урада Польшчы, дыпламаты.

Цырымонія праходзіць на пляцоўцы каля кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая не змяшчае ўсіх ахвотных, таму многія стаяць на праезнай частцы каля храма. Астанкі іерарха будуць змешчаны ў мармуровы саркафаг у крыпце касцёла.

Святую імшу ўзначаліў былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў блізка знаёмы з Казімірам Свёнткам. Святая жалобная Імша праводзіцца на лацінскай мове, абрады — па-польску.

Была зачытана тэлеграма ад папы Бенедыкта XVI. «З вялікім болем я прыняў навіну аб смерці арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага на пенсіі і былога апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка, — зазначыў папа. — Узношу малітвы да Бога, каб Ён даў вечны спакой гэтаму дбайнаму і шчыраму пастыру. Я духоўна яднаюся дыяцэзіяльнай супольнасці, у якой ён з вялікім клопатам здзяйсняў сваё біскупскае служэнне. Я ўзгадваю аб адважным сведчанні, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама аб энтузіязме, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны. Дасылаю вам сваё апостальскае благаслаўленне як знак веры і хрысціянскай надзеі ва Уваскрослым Пану».

Казімір Свёнтак — адзін з найстарэйшых каталіцкіх іерархаў у свеце: у кастрычніку 2011 года яму споўнілася б 97 гадоў. Свёнтак стаў першым з 1798 года беларускім кардыналам. Ён быў удастоены звання камандора ордэна Ганаровага легіёна. Папа Ян Павел II удастоіў яго спецыяльнай узнагароды Fidei testis («Сведка веры»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?