Такім чынам ужо адсочваюць дзесяць чалавек.

Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў, крымінальна-выканаўчая інспекцыя Ленінскага і Першамайскага РУУС, а таксама Мінскага РУУС пачалі практычную эксплуатацыю сістэмы электроннага маніторынгу, які ўжываецца да асуджаных, што маюць пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

Сістэма складаецца з базавай станцыі сувязі, якая ўстанаўліваецца па месцы пражывання асуджанага, і лёгкага электроннага бранзалета.

Задача станцыі — фіксаваць час уваходу і выхаду чалавека з зоны дзеяння станцыі, спробы пашкоджання яе альбо бранзалета.

Адпаведная інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу перадаецца ў цэнтр маніторынгу.

На сёння такім чынам кантралюецца перасоўванне дзесяці чалавек, у жніўні да іх дададуцца яшчэ пяцёра. У першую чаргу электронныя бранзалеты выкарыстоўваюцца асобамі, якіх вызвалілі з месцаў пазбаўлення свабоды і за якімі патрабуецца дадатковы кантроль. У асноўным супацоўнікі міліцыі будуць адсочваць іх прысутнасць дома па вечарах і ў начны час. Аптымальны тэрмін выкарыстання бранзалета — да паўгода.

Плануецца, што ў бліжэйшы час гэту сістэму пачнуць выкарыстоўваць ў дэпартаменце аховы МУС і адным з яго мінскіх райаддзелаў.

Не выключана, што ў будучыні праваахоўныя органы змогуць сачыць і за фізічным станам асуджаных.

Укараненню навінкі папярэднічала вывучэнне тэхналогій і вопыту выкарыстання аўдыёвізуальных, электронных і іншых сродкаў кантролю і нагляду за асуджанымі ў Расіі, Ізраілі і Вялікабрытаніі, адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі.

У МУС разлічваюць, што ўкараненне GPS-бранзалетаў будзе спрыяць значнаму скарачэнню выдаткаў на ўтрыманне асуджаных у месцах пазбаўлення свабоды за кошт прызначэння альтэрнатыўнага віду пакарання — абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Чакаецца таксама, што гэта мера прывядзе да зніжэння рэцыдыўнай злачыннасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?