Лукашэнка прыняў Ермакову і пасля гэтага стала вядома пра яе прызначэнне кіраўніцай Нацбанка. Аднак найбольш заінтрыгавала выказванне пра курс.

«У Беларусі ў бліжэйшы час будзе прынята канчатковае рашэнне аб выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля». Як цытуе БелТА, аб гэтым заявіў 27 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Надзеяй Ермаковай.

«Думаю, што ў бліжэйшы час нам трэба будзе канчаткова прыняць рашэнне, бо інфармацыі сёння дастаткова для таго, каб адкрыта сказаць, што мы будзем рабіць, якое рашэнне будзем прымаць», — сказаў ён.
Ён папрасіў Надзею Ермакову выказаць свой пункт гледжання аб перспектывах «не проста стабілізацыі валютнага рынку, але выхаду на адзіны абменны курс рубля ў краіне».

Лукашэнка пацікавіўся і тым, як забяспечваецца валютай насельніцтва.

«Мы дамаўляліся аб тым, што Ашчадны банк, цяпер ужо і іншыя гэтую функцыю на сябе бяруць, забяспечаць продаж валюты насельніцтву пад неабходныя патрэбы: хвароба, вучоба». Пры гэтым Лукашэнка і тут падзяліў грамадзян на дыва гатункі:

«І тое — вучоба з якой мэтай, у інтарэсах дзяржавы або для папаўнення пятай калоны, як у нас некаторыя вучацца за мяжой».
Ён дадаў: «Гэта дзяржаўная паслуга, і яна павінна аказвацца ў інтарэсах дзяржавы». Карацей, валюты трэба добра папрасіць і калі хто заслужыць, таму яе прададуць па 5000.

Як афіцыйна паведамляецца,

Надзея Ермакова «адзначыла стабілізацыю» сітуацыі. Паводле яе слоў, «насельніцтва супакоілася і з 10 чэрвеня ідзе прыток укладаў у банкаўскую сістэму» ў рублях. «Што датычыцца валютных укладаў, то іх адток ў цэлым таксама спыніўся»
і «ўжо ў асобных банках, дзе працэнтныя стаўкі вышэйшыя, ідзе невялікі прыток».

Паводле яе слоў, курс 5000 за даляр адлюстроўвае рэальны ўзровень і не стрымліваецца адміністрацыйнымі метадамі.

Пераходу на адзіны курс ад беларускіх уладаў патрабуюць іх замежныя фундатары: Расія і МВФ. Адзіны курс стаў умовай выдзялення Беларусі крэдыту ЕўрАзЭС.

Надзея Ермакова адзначылася ў часе фінансавага крызісу вясны 2011-га як адданая прапагандыстка.
«Ну вось у мяне яго [даляра] няма, і я не іду ў абменнік, мне ён проста не патрэбны, у мяне ў 90-я не было, і сёння няма, — заявіла яна на тэлебачанні. — Так, абутак завозіцца імпартны, так, ён стане крыху даражэйшы, але нічога страшнага, зносім замест двух туфляў адны».

Пры гэтым у выніку дэвальвацыі ўкладчыкі яе банка страцілі каля мільярда даляраў за кошт абясцэньвання сваіх рублёвых дэпазітаў.

Ермакова пераехала ў Мінск з пасады загадчыцы фінаддзела Шклоўскага райвыканкама.

Ермаковай 58 гадоў, нарадзілася яна ў вёсцы Разальмаў Хоцімскага раёна, што на крайнім усходзе Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?