09.01.2007 / 23:51

Тое, пра што так доўга казалі незалежнікі, здарылася 8

Нафтавы канфлікт з Расеяй камэнтуюць Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Нісьцюк, Сяргей Гайдукевіч, Юры Беленькі, Зянон Пазьняк.

Пра нафтавы канфлікт з Расеяй разважаюць Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Нісьцюк, Сяргей Гайдукевіч, Юрась Беленькі, Зянон Пазьняк.

Аляксандар Мілінкевіч, экс‑кандыдат у прэзыдэнты: «Гэта сумны фінал замежнай палітыкі, якую праводзіў усе свае гады знаходжаньня ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Гэта стала вынікам той эканамічнай сыстэмы, якая будавалася на падмане і непрафэсіяналізьме. Сёньняшняя ўлада знаходзіцца ў такім становішчы, што, каб не дапусьціць эканамічнага каляпсу, яны гатовыя здаваць і здаюць па частках краіну. Учора яны прадалі «Белтрансгаз», заўтра прададуць нешта яшчэ. Беларускай эканоміка патрабуе карэннай мадэрнізацыі. У праціўным выпадку можа скласьціся такая сытуацыя, што рэжым, як апошні шанец на ўратаваньне, можа здаць сувэрэнітэт краіны».

Уладзімер Нісьцюк, намесьнік старшыні БСДП (Г).

«Тое пра што мы, беларускія апазыцыянэры, так доўга казалі, яшчэ з часоў Зянона Пазьняка, пачынае зьдзяйсьняцца. Мы казалі, што нельга базаваць усе эканамічныя адносіны на гандлі толькі з адной краінай, якая да ўсяго іншага ня мае стабільнасьці ўнутры краіны. Нельга злучаць у адно эканамічныя сыстэмы двух дзяржаваў, прычым зусім супрацьлеглых. Дзікі капіталізм Расеі і дзяржаўны манапалістычны сацыялізм Беларусі. Ня можа існаваць такога панятку, як «Саюзная дзяржава», калі абедзьве краіны застаюцца незалежнымі. Дала аб сабе ведаць энэргетычная залежнасьць ад Расеі. У краіне не ішоў працэс па выпрацоўцы альтэрнатыўных відаў паліва. Мне здаецца, што ўрэшце бакі мусяць прыйсьці да згоды, але ад усіх гэтых падзеяў будзе прайграваць выключна Беларусь. Нават калі ўлагодзіцца гэты канфлікт, то Расея, не сумняюся, будзе шукаць іншыя рычагі ўплыву на Беларусь у гандлёвай вайне. У гэтым годзе, думаю, канфлікт з Расеяй ня вельмі адаб’ецца на жыцьці людзей, бо будуць выкарастаныя рэзэрвныя сродкі, а вось 2008 год чакаецца вельмі цяжкім. Мы зможам вытрымаць яго толькі ў тым разе, калі ўся нацыя аб’яднаецца на плятформе нацыянальнай ідэі».

Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі: «Гэта ня тая тэма, пра якую гавораць у двух словах. Мы кажам пра глябальнае пытаньне. Калі б вы запыталіся пра тое, як я правёў Каляды, я б адказаў у двух словах, а гаварыць пра нафту ў такім ключы не выпадае».

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні КХП‑БНФ: «Бомба запаволенага дзеяньня»

«Усё абсалютна відавочна і ясна. Пра такі сцэнар падзеяў было вядома яшчэ вельмі даўно. Нельга, каб якая‑небудзь краіна на 100% залежыла ад паставак паліва зь любой іншай краіны, як адбывалася ў Беларусі. Гэтак Лукашэнка заклаў бомбу запаволенага дзеяньня, якая можа выбухнуць у любы момант. Разам з тым, сёньняшні канфлікт ня ёсьць гандлёвым ці эканамічным, як яго называюць у прэсе. Пытаньнем стаіць аб захаваньні незалежнасьці Беларусі».

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі: "Нягледзячы на часовае супадзеньне задачаў, катэгарычна нельга аб’ядноўвацца з рэжымам".

"Склалася такая сітуацыя, што скурныя інтарэсы дыктатара ў пэўных аспэктах супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі народу. Тым больш што рэжым бароніцца ад расейскай удаўкі рашуча (прынамсі на словах) і адэкватна. І аб’ектыўна на карысьць Беларусі.

Што рабіць беларусам у такім становішчы? Задача відавочная. Беларусам найперш трэба абараніць свае нацыянальныя інтарэсы, а потым, абараніўшыся ад агрэсіі Расеі, ліквідаваць прамаскоўскі рэжым.

Нягледзячы на часовае супадзеньне задачаў, катэгарычна нельга аб’ядноўвацца з рэжымам Лукашэнкі. Бо рэжым, як толькі атрымае пэўныя палёгкі і абяцаньні ад Масквы, тут жа адмовіцца ад барацьбы і здасьць Беларусь.

Для канфлікту паміж дыктатарамі характэрна таксама нязьменнасьць іхняе ўнутранае палітыкі. Яна не зьмяняецца ні пры якіх абставінах, як не зьмяняецца тыпаж пры ўладзе. Як былі антыбеларускія рэпрэсіі, так і застаюцца; як перасьледавалі беларускую моладзь, так і перасьледуюць, як нішчылі беларускую адукацыю, так і нішчаць, як была русіфікацыя, так і застаецца, нягледзячы на ўсю супрацьрасейскую рыторыку.

Каб ня быць закладнікамі варожых сілаў, беларусам трэба арганізоўвацца і самым стаяць за сябе" (цытата з сайту www.bielarus.net).

Запісаў Зьміцер Панкавец

0
Scaner / Адказаць
09.01.2007 / 21:19
Так i хочацца дапоунiць Нiсцюка :) ...калі ўся нацыя аб’яднаецца на плятформе нацыянальнай ідэі (вакол нашага лiдэра).Бо вакол каго ж ёй яднацца .
0
Пятрок / Адказаць
09.01.2007 / 22:43
Прапаную новы лозунг: "За-Жыве Беларусь!" У гучаннi невялiкая рознiца,а сэнс разумным людзям тлумачыць не буду.
0
Монро / Адказаць
09.01.2007 / 23:10
Сканеру Уж если за все годы эта "нация" не объединилась вокруг Вашего лидера и национальной идее, то значит уже и не объединиться. Когда Вы наконец перестанете жить в мире иллюзий? Столько лет бьетесь лбом и ничего не поняли? Мне жаль Вас. Вы утописты. В Беларуси нет белорусов. Здесь живут и доминируют шкваркоеды. А потому и националистический проект и либерально-западный здесь обречены.Прошедшие годы тому доказательство. И не рассчитывайте особо на этот кризис. В нем выиграют не националисты.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру