Два гады таму «Наша Ніва» прааналізавала склад лукашэнкаўскай эліты. Сёння мы робім новы замер.

Калі ўзяць 60 найвышэйшых чыноўнікаў (прэм’ер-міністр, віцэ-прэм’еры, спікеры парламента, старшыні асноўных судоў, кіраўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Рады бяспекі, старшыня Камітэта дзяржкантролю, генпракурор, кіраўнік справаў прэзідэнта, міністры, старшыні дзяржаўных і нацыянальных камітэтаў, старшыні аблвыканкамаў, старшыня ЦВК, старшыня Нацбанка, начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення), то знаходзім у спісе дваццаць новых асоб. Змен адбылося болей, але большасць чыноўнікаў проста перасела на іншыя пасады ў выніку ракіровак унутры ўладных структур.

З пенсіянерамі на чале

Сярэдні ўзрост беларускага чыноўніка найвышэйшага рангу цяпер складае 54,4 гады. За два гады ён узрос на 0,2 года. Але гэта менш, чым Лукашэнку, якому ў жніўні споўніцца 57 гадоў.

Тым не менш, сярэдні ўзрост найвышэйшых чыноўнікаў у Казахстане складае 48 гадоў, у Расіі — 45. У Эстоніі ва ўрадзе дастаткова шмат міністраў, якім няма 40.

У нас такі толькі адзін — міністр культуры Павел Латушка (38). Яшчэ ёсць начальнік ідэалагічнага ўпраўлення Усевалад Янчэўскі, якому 35. Ну і Віктар Лукашэнка (35), вядома. Але ягонае пакаленне ў цэлым пакуль застаецца на ролях другога плану, хоць часамі і важных.

Саракагадовых таксама нямнога. Гэта віцэ-прэм’ер Сяргей Румас (42), міністр эканомікі Мікалай Снапкоў (42), старшыня памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі (43), міністр спорту Алег Качан (44). Большасць з іх маюць рэпутацыю патрыётаў і рыначнікаў, дарэчы.

Адзінаццаць пенсіянераў

Пенсіянераў непараўнальна болей. Прычым яны сядзяць на самых важных пазіцыях. Гэта і прэм’ер Міхаіл Мясніковіч, і ягоныя намеснікі Уладзімір Сямашка і Анатоль Тозік, і спікеры абедзвюх палат парламента Анатоль Рубінаў і Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, кіраўнік Рады бяспекі Леанід Мальцаў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыні Брэсцкага і Мінскага аблвыканкамаў Канстанцін Сумар і Барыс Батура, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Год ці два да пенсіі застаецца яшчэ дзевяці чыноўнікам. Сярод іх — міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў.

Старэйшынай чыноўніцкага корпуса з’яўляецца Анатоль Рубінаў, якому 72 гады. Але бадзёрасці гэтаму чалавеку хапае, вось нядаўна выпусціў зборнік вершаў.

Калі браць чыноўніка, які найдаўжэй без перапынку займае сваю пасаду, то гэта Валянцін Сукала. У крэсле старшыні Вярхоўнага Суда ён сядзіць ужо 14 гадоў. Гэты чалавек быў міністрам юстыцыі яшчэ ў БССР.

А кухарка можа?

Сярод чыноўнікаў маем восем прафесараў (прэм’ер-міністр Мясніковіч, Рубінаў, старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў, генпракурор Рыгор Васілевіч, Тозік, Радзькоў, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра). Сярод іх два акадэмікі (Мясніковіч, Рубінаў).

Чацвёра кандыдатаў навук: Леанід Мальцаў (сацыялагічных), Сяргей Румас (эканамічных), Віктар Галаванаў (юрыдычных), старшыня камітэта па стандартызацыі Валер Карашкоў (тэхнічных). Яшчэ ёсць два дактары навук: старшыня камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў (тэхнічных), старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец (медычных).

Легіянеры

Адзінаццаць чалавек (18%) нарадзіліся за межамі Беларусі. Прычым гэта норма для сілавікоў, якія маюць у Беларусі гіганцкі ўплыў. Ураджэнцамі Украіны з’яўляюцца былы і сённяшні старшыні КДБ Юрый Жадобін (цяпер ён міністр абароны) і Вадзім Зайцаў. У Азербайджане прыйшоў на свет міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў.

Дарэчы, у Расіі нарадзіўся і кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Уцюрын, якога мы, праўда, у нашу сетку 60-ці не ўключалі.

З Кіргізіі паходзіць выканальнік абавязкаў старшыні Нацбанка Юрый Алымаў. У Арменіі нарадзіўся міністр замежных справаў Мартынаў.

З Расіі — намеснік старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў (Масква), міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі (Падмаскоўе), міністр працы Мар’яна Шчоткіна (выспа Кілдзін Мурманскай вобласці), міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка (Комі), міністр архітэктуры Анатоль Нічкасаў (Навасібірск), старшыня ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў (Чыта).

Тым не менш, некаторыя з іх сталелі ўжо ў Беларусі. Так, Куляшоў пачынаў працоўную біяграфію трактарыстам у Чашніцкім раёне, Вашчанка — заточнікам на Магілёўскіх заводах, Кабякоў у Беларусі з трохгадовага ўзросту.

Тым не менш, другой краіны, дзе б у эліце было столькі выхадцаў з іншых краін, няма ў свеце. Гэта паказчык таго, што «савецкім людзям» давяраюць больш, чым «беларусам».

Вяскоўцаў больш за гараджан

З тых, што нарадзіліся ў Беларусі, 27 вяскоўцаў, 16 чалавек нарадзіліся ў абласных і раённых цэнтрах, яшчэ шасцёра — мінчукі (Сукала, Васілевіч, Харкавец, Латушка, Войтаў, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька).

Калі браць асобныя цэнтры, то найбольшае прадстаўніцтва барысаўскіх — аж пяць чалавек. Гэта міністр сувязі Мікалай Панцялей, міністр транспарту Іван Шчэрба, Віктар Галаванаў, старшыня камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў, Усевалад Янчэўскі.

Трое з Бабруйска — міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, міністр гандлю Валянцін Чаканаў, старшыня Мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі.

З адной вёскі Некрашэвічы (Карэліцкі раён) выйшлі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей і міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян.

З Магілёва — Рубінаў і Снапкоў, з Гомеля — старшыня КДК Аляксандр Якабсон і Сяргей Румас, з Калінкавіцкага раёна — Сямашка і Тозік, з Драгічынскага — міністр аховы здароўя Васіль Жарко і міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч.

Па адным прадстаўніку Нясвіжскага, Лёзненскага, Вілейскага, Бялыніцкага, Слонімскага, Капыльскага, Краснапольскага, Клімавіцкага, Быхаўскага, Лідскага, Навагрудскага, Мазырскага, Чэрвенскага, Жыткавіцкага, Шчучынскага, Іўеўскага, Смаргонскага, Асіповіцкага, Лунінецкага, Аршанскага, Рэчыцкага, Любанскага, Ваўкавыскага, Брагінскага, Слуцкага раёнаў.

Цікава, што ў спісе няма ніводнага шклоўскага. Хаця фармальна за шклоўскага можна лічыць віцэ-прэм’ера Валерыя Іванова, які працаваў там у райвыканкаме.

Магілёўшчына — кузня кадраў

Нягледзячы на паходжанне, важным з’яўляецца факт працы чыноўнікаў, завязванне імі кантактаў. Дык вось, з Магілёўскай ці Гомельскай вобласці прабіцца ў верхнія эшалоны прасцей, чым з Гродзеншчыны.

Магілёўскія гарвыканкамы і райвыканкамы працягваюць заставацца галоўнай кузняй кадраў. З Магілёўшчыны рабілі свой кар’ерны рывок Валерый Іваноў, Снапкоў, Радзькоў, Галаванаў, Кацярыніч, Вашчанка, Нічкасаў, Лідзія Ярмошына.

Гомельшчына вывела ў Мінск Якабсона, Кабякова, міністра прыродных рэсурсаў Мікалая Цалко, міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Русага, Алымава.

А вось на Гродзеншчыне свой шлях у эліту пачыналі толькі Маскевіч і Батура.

Акадэмія кіравання абавязковая

Змены адбыліся сярод самых распаўсюджаных навучальных установаў. Наргас страціў лідарства. Затое на першае месца паднялася Акадэмія кіравання пры прэзідэнце. Гэтая ВНУ за плячыма трынаццаці чалавек. У 2006 дыплом гэтай установы атрымалі Іваноў, Харкавец і Палуян, праз год — Шчоткіна, Кацярыніч і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пятро Руднік.

У першыя гады незалежнасці, калі ўстанова называлася Акадэміяй кіравання пры Кабінеце міністраў, яе скончылі Румас, Азярэц, Алымаў, старшыня Статыстычнага камітэта Уладзімір Зіноўскі.

Дарэчы, цікавы выпуск быў у 1991 годзе ў Мінскім інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Так тады пераназвалі Мінскую вышэйшую партыйную школу. Дык вось, у год развалу СССР дыпломы атрымалі Якабсон, Кабякоў, Чаканаў і Галаванаў.

Што да ВПШ, то яе паспелі скончыць нямногія — Мясніковіч, Андрэйчанка, Русы і Сумар.

Калі браць першую адукацыю, то тут лідзіруе БДУ. У асноўным яго сканчвалі людзі, якія атрымлівалі юрыдычную (Міклашэвіч, Васілевіч, Камянкоў) ці гістарычную адукацыю (Тозік, Латушка).

З заходняй адукацыяй няма

Наргас скончыла восем чалавек, БНТУ — пяцёра. Можна сказаць, што гэта падзенне рэйтынгу. Два гады таму было 11 і 10 адпаведна. Сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках скончыла пяць чалавек, тэхналагічны — два, ін’яз — адзін (Макей).

Сілавікі ў абсалютнай большасці адукацыю атрымлівалі ў Расіі. Толькі Рачкоўскі — у Латвіі, але яшчэ за савецкім часам. Але на павышэнне курсаў у Маскву генерал-маёр Рачкоўскі не накіроўваўся. Другая адукацыя ў яго эканамічная.

Дарэчы, пару гадоў Макей павучыўся на Захадзе. У 1992–93 ён вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі, Пятро Руднік яшчэ за савецкім часам быў на абмене ў Дрэздэне. Людзей новай фармацыі, што атрымлівалі б адукацыю ў Еўропе ці ЗША, у беларускім кіраўніцтве пакуль што няма. Хоць найлепшыя ўніверсітэты свету знаходзяцца менавіта там.

Найпазней за астатніх вышэйшую адукацыю атрымаў Калінін — аж у 34 гады.

Жанчын сярод найвышэйшых чыноўнікаў усяго дзве (3%) — Марыяна Шчоткіна і Лідзія Ярмошына. Раней яшчэ была Наталля Пяткевіч.

Высокае становішча ў дзяржаве мае яшчэ Надзея Ермакова, была кіраўніца «Беларусбанка», былая фінансавая работніца са Шклова, а цяпер старшыня Нацбанка, але ў нашу сетку 60-ці гэтая пазіцыя не трапляе.

Сярэдні чыноўнік — Валянцін Чаканаў

Такім чынам, сярэдні беларускі чыноўнік — гэта мужчына 54 гадоў з Магілёўскай вобласці, які скончыў БДУ ці Наргас, а пасля замацаваў веды ў Акадэміі кіравання.

Пад гэтае апісанне ідэальна падходзіць міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Чалавек не самы публічны. І гэта таксама ў Беларусі правіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?