Паводле неафіцыйнай інфармацыі, некалькі зняволеных Глыбоцкай выпраўленчай калоніі № 13 (Віцебская вобласць) спрабавалі пакончыць з сабой.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа», якая займаецца пытаннямі захавання заканадаўства ў папраўчых установах.

Інфармацыя паступіла ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з глыбоцкай калоніі. Ён распавёў, што ў чэрвені асуджаныя ВК-13

абвясцілі галадоўку, пратэстуючы такім чынам супраць парушэння законнасці з боку адміністрацыі калоніі, у тым ліку — жорсткага прымянення фізічнай сілы ў дачыненні да зняволеных.

Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.

«У адказ адміністрацыяй калоніі з 16 па 22 чэрвеня было праведзена масавае збіццё асуджаных.

Большасць зняволеных, якія падвергліся такім мерам, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак медыцынская дапамога ім не аказвалася.
Некаторыя былі вымушаныя ўжыць экстрэмальныя меры самаабароны — суіцыд. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і вартасцяў, ускрылі сабе вены і жывот», — распавёў Андрэй Бандарэнка.

На падставе атрыманых фактаў 27 ліпеня ўстанова «Платформа» накіравала ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС, Генеральную пракуратуру і ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС зварот з патрабаваннем расследаваць інцыдэнты ў папраўчай калоніі № 13 горада Глыбокае.

Падрабязнасці будуць паведамленыя 1 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У ёй плануюць удзельнічаць сведкі катаванняў, імёны якіх не называюцца з меркаванняў іх бяспекі.

Атрымаць каментар у дэпартаменце выканання пакарання МУС пакуль не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?