Сёння ў Рыа-дэ-Жанэйра прайшло лёсаванне адборачных групаў да чэмпіянату свету па футболе, што пройдзе ў 2014 годзе ў Бразіліі.

 Ранальда выцягвае Беларусь. Фота dzenik-kravina.livejournal.com

Ранальда выцягвае Беларусь. Фота dzenik-kravina.livejournal.com

Зборная Беларусі была пасеяная ў 3-м кошыку еўрапейскай зоны трапіла ў групу «І» з чэмпіёнам свету 2010 года і чэмпіёнам Еўропы 2008 года зборнай Іспаніі, а таксама зборнымі Францыі (ЧС — 1998, Еўропы — 2000), Грузіі і Фінляндыі.

Цікава, што наша група «І» адзіная, дзе будзе гуляць пяць камандаў, а не шэсць.

Са зборнымі Іспаніі і Грузіі беларусы ніколі не гулялі, нават у таварыскіх сустрэчах.

З фінамі сустракаліся двойчы на ўзроўні таварыскіх гульняў: 1 сакавіка 2006 (турнір на Кіпры) — 2:2, па пенальці нашчадкі Манергейма выйгралі 5:4. 2 чэрвеня 2008 каманды згулялі ўнічыю 1:1.

З Францыяй беларусы гуляюць акурат у адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы — 2012. Нагадаем, што ў Парыжы беларусы выйгралі 1:0 (3 верасня), а 3 чэрвеня ў Мінску згулялі ўнічыю -1:1.

Астатнія еўрапейскія групы:

А: Харватыя, Сербія, Бельгія, Шатландыя, Македонія, Уэльс.

B: Італія, Данія, Чэхія, Балгарыя, Арменія, Мальта.

С: Германія, Швецыя, Ірландыя, Аўстрыя, Фарэры, Казахстан.

D: Галандыя, Турцыя, Венгрыя, Румынія, Эстонія, Андора.

E: Нарвегія, Славенія, Швейцарыя, Албанія, Кіпр, Ісландыя

F: Партугалія, Расія,* Ізраіль, Паўночная Ірландыя, Азербайджан, Люксембург

G: Грэцыя, Славакія, Боснія, Літва, Латвія, Ліхтэнштэйн

H: Англія, Чарнагорыя, Украіна, Польшча, Малдова, Сан-Марына.

— * Тлустым вылучаныя суседзі Беларусі.

***

Матчы адборачнага турніру пачнуцца ўвосень наступнага года.

9 пераможцаў груп выйдуць у фінальную частку наўпрост. Апроч таго, лепшыя восем з дзевяці, што зоймуць 2-я месцы, пазмагаюцца ў плей-оф за чатыры пуцёўкі. Усяго ад Еўропы — 13 пуцёвак.

Пакуль жа беларусы працягваюць змагацца за права трапіць на чэмпіянат Еўропы па футболе 2012 года, што пройдзе ў Польшчы і ва Украіне. 2 і 6 верасня згуляюць з Босніяй, заключны матч з Румыніяй.

Становішча: Францыя — 13 (6 гульняў), Беларусь — 12 (7), Боснія — 10 (6), Румынія — 8 (6), Албанія — 8 (6), Люксембург — 1 (7)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?