01.08.2011 / 14:36

«Звяртацца куды заўгодна, бо горш ужо не будзе» 2

Былы зняволены расказаў пра збіванні ў глыбоцкай калоніі

Былы зняволены калоніі № 13 у горадзе Глыбокае (Віцебская вобласць) Юрый Лінга і маці двух зняволеных, якія знаходзяцца там, на сустрэчы з журналістамі 1 жніўня ў Мінску расказалі пра збіванні ў гэтай папраўчай установе.

Як паведаміў Юрый Лінга, са збіваннямі ён сутыкнуўся практычна адразу пасля прыбыцця ў калонію ў жніўні 2010 года. Яго самога збілі без падставы і доўгі час не давалі лекаў, нягледзячы на тое, што яны яму жыццёва неабходныя пасля аперацыі па выдаленні шчытападобнай залозы.

Лінга зазначыў, што ў чэрвені гэтага года зняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам Беларусі ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрымання ў калоніі. Сустрэча не адбылася, а некалькі яе ініцыятараў былі збітыя. У прыватнасці, быў збіты зняволены Мікалай Разуеў, які пасля гэтага разрэзаў сабе жывот. Збітыя таксама былі Юрый Канцява, зняволены па мянушцы Чыкін (яго прозвішча Лінга не ведае) і малады чалавек па імені Ілья. Апошні, як сцвярджае Юрый Лінга, ледзь не памёр ад страты крыві.

Пра збіванні ў глыбоцкай калоніі журналістам таксама заявілі маці зняволеных — 18 гадовага Ільі Кавернікава, асуджанага за крадзеж машыны, і Усевалада Сяргеева.

Святлана Пакунова, маці Кавернікава, расказала, што нядаўна была на спатканні з сынам. Яго прывялі на сустрэчу са штрафнога ізалятара (ШІЗА), у якім той знаходзіцца з 12 ліпеня ў сувязі з абвяшчэннем галадоўкі пратэсту.

Паводле слоў жанчыны, у яе сына былі апухлыя рукі, на адной з іх — сляды ад парэзаў.
Зняволены папрасіў маці звярнуцца з інфармацыяй пра збіванні ў калоніі «куды заўгодна, бо горш ужо не будзе».

Ад сына Святлана Пакунова таксама даведалася, што пасля збівання зняволеных іх трымаюць у ШІЗА датуль,

пакуль не знікнуць сляды збівання.

Галіна Сяргеева расказала, што пра збіванне сына даведалася ад аднаго з былых зняволеных, які вызваліўся. Яна хацела сустрэцца з сынам. Ёй абяцалі арганізаваць кароткатэрміновае спатканне праз тры дні, аднак затым датэлефанавацца да адміністрацыі калоніі не атрымалася.

Нагадаем, на мінулым тыдні МУС абвергла інфармацыю пра спробы суіцыду зняволеных у глыбоцкай калоніі № 13, выкліканых пратэстам супраць жорсткага абыходжання.

У міністэрстве паведамілі, што 14 чэрвеня адбыўся інцыдэнт з двума зняволенымі, «схільнымі да прыгнёту спецкантынгенту і пабораў». «За неаднаразовыя злосныя парушэнні рэжыму ўтрымання яны былі ў чарговы раз адпраўленыя ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Адзін са зняволеных, па прозвішчы Чаканаў, пры гэтым нанёс сабе раны на перадплеччы лязом аднаразовага станка. Другі, па прозвішчы Разуеў, ужо знаходзячыся ў ПКТ, адмовіўся прайсці ў пакой вобыску, аказаў супраціўленне вайсковаму нараду, заклікаў сукамернікаў узяць з яго прыклад. У сувязі з гэтым да яго была прымененая фізічная сіла», — паведамілі БелаПАН у МУС.

Затым, як патрабуе інструкцыя, быў праведзены медыцынскі агляд гэтага чалавека, падкрэслілі ў МУС. Высветлілася, што ў меддапамозе ён не мае патрэбы. Пасля агляду ўрачом, ужо ў камеры часовай ізаляцыі, Разуеў нанёс сабе драпіны на жываце таксама лязом аднаразовага станка, дадалі ў міністэрстве.

0
Бабулька / Адказаць
01.08.2011 / 15:01
Доктар Мегеле ганарыўся б беларускімі гестапаўцамі. А гэтыя, наверсе, да гэтага часу на немцаў коцяць. Навошта лінія Сталіна? Канцлагера па ўсёй краіне, у натуры, лінія Адольфа руліць!
0
Zmicer78 / Адказаць
01.08.2011 / 20:03
Я сам там знаходзiуся i прайшоу праз усе кругi гэтага ада абчым без "дрожи"не успамiнаецца.дакладна гестапа да гэтых крыважэрау вельмi далека.а хлопцау i далей катаваць будуць,нiчога iм не дапаможа!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру