10.01.2007 / 02:14

Пралетарскі флэш-моб Кропкі над "і" 1

Ну, можна нейкі час гуртаваць паспаліты люд коштам нагнятаньня атмасфэры аточанай цытадэлі. Але ісьці ў зямлянкі насамрэч ахвотнікаў мала. Хутчэй могуць выйсьці на плошчу. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Якія вобразы будучыні малююцца зараз беларускаму кіраўніцтву?

Не выключаю, што сьвядомасьць высокага айчыннага начальства экстрапалюе на пэрспэктыву ўражальныя фрагмэнты бунту менскіх працоўных у красавіку 1991-га.

Памятаю, як у адзін зь першых дзён таго красавіка мы на рэдакцыйным легкавіку зьнянацку трапілі ў гушчу пралетараў, што проста па праезнай частцы ішлі з Заводзскага раёну на плошчу Леніна.

Машыну ахапіла шчыльная плынь людзей ў зашмальцаваных робах ды пудовых чаравіках. Цяжкімі былі і іхнія позіркі. Пасажыры белай "Волгі" — тыпова намэнклятурнай маркі:) — пэўна, здаваліся пралетарам клясавымі ворагамі.

— Зараз перакуляць! — міжволі выгукнуў калега.

Шчыра кажучы, было сапраўды няўтульна. Аж пакуль наша маленькая каманда ня вылузнулася зь легкавіка ды не занялася звыклай прафэсійнай працай з нататнікамі і фотакамэрай.

А вось сапраўдная намэнклятура тады сядзела як мыш пад мятлой. Дарэчы, варта адзначыць: адным зь лічаных кіраўнікоў, хто адважваўся выходзіць на бурлівую плошчу, быў намесьнік старшыні Вярхоўнага савету Шушкевіч.

Да Дому ўраду тады, здаецца, сьцягнулі нейкія ўзброеныя аддзелы. Але, па-першае, не было яшчэ такіх адмыслова вымуштраваных кадраў, а па-другое, наўрад ці хто наверсе асьмеліўся б аддаць жорсткі загад.

Балазе, нейкімі паліятывамі тую хвалю пагасілі.

...Рана ці позна і цяперашні нафтавы канфлікт з горам напалам улагодзяць. Расея вуснамі Грэфа ўчора ўвечары ўжо дала зразумець, што можа і скасаваць сваё мыта, калі Менск першым зробіць крок назад.

Але факт тое, што на ранейшыя прэфэрэнцыі можна забыцца. Так, расейцы будуць адсякаць хвост за некалькі прыёмаў, бо эканамічны абвал у Беларусі ня надта патрэбен і самой Маскве. Аднак да 2011 году кошт газу сягне на эўрапейскі узровень. Ну а прыбыткамі ад продажу саляркі ды бэнзыну давядзецца дзяліцца — ня тое слова, адрываць ад сэрца львіную долю! — ужо неўзабаве.

Вядома, цяперашні рэжым ня пойдзе на такі самазабойчы крок, як саюзны ўрад Паўлава у красавіку 91-га. Тады спажывецкі кошык падаражэў адразу амаль што ўдвая. Убачыўшы, што за абед у заводзскай сталоўцы трэба выкласьці ўжо не рубель, а два (многім жа кабеты тады акурат па рублі на дзень і выдавалі!), пралетар'ят самай савецкай рэспублікі і паваліў на плошчу, над якой ўзвышаўся чорны манумэнт іхняга мітычнага правадыра.

Зараз узровень жыцьця, імаверна, пачне прасядаць спакваля. Але ж і запыты ўжо іншыя. Народ збольшага паверыў на побытавым узроўні ў доўгатэрміновы станоўчы трэнд. Летась, аналізуючы статыстыку даходаў-выдаткаў хатніх гаспадарак, эканамісты цьвердзілі: беларусы здрадзілі звычцы назапашваць! Яны сталі транжырамі!

Віраваў спажывецкі бум, прагна набывалі ўсё — ад крутых мабілаў да легкавікоў.

Кіроўныя вярхі ўзьнесьлі да нябёсаў беларускі эканамічны цуд. Перад кожнымі выбарамі рабіліся шчодрыя падарункі электарату. Энэргетычная рэнта збольшага праядалася, выгадная кан'юнктура скарыстоўвалася найперш дзеля вырашэньня рэйтынгавых задачаў.

Цяпер ўлада апынаецца ў закладніках ранейшага прынцыпу "жыві сёньняшнім днём". Крыза завышаных спадзяваньняў насельніцтва можа спрацаваць як дэтанатар сацыяльных забурэньняў.

Натуральна, эканоміка мае пэўную інэрцыю, і нарастаньне адмоўных чыньнікаў здольнае дасягнуць грознага маштабу мо' праз два-тры гады.

Наверсе выдатна разумеюць, што трываласьць электаральнай базы дасюль забясьпечвалася зусім не ідэалістычнай верай ў пастуляты дзяржаўнай ідэалёгіі, а прагматычнымі чыньнікамі.

Ну, можна нейкі час гуртаваць паспаліты люд коштам нагнятаньня атмасфэры аточанай цытадэлі. Але ісьці ў зямлянкі насамрэч ахвотнікаў мала. Хутчэй пойдуць на плошчу.

А калі на палітычнае поле выйдзе такі гулец, дык мала ня здасца. Гэта вам ня купка флэш-мобэраў і ня кволы пікет на Бангалёры.

Зараз шмат гаворыцца пра альтэрнатыву рынкавых рэформаў. Але ж рэформы здольныя на нейкі час толькі прымножыць эканамічныя нягоды.

Імаверна, уладзе давядзецца выбіраць між кепскім і вельмі кепскім.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Home Alone / Адказаць
10.01.2007 / 11:10
Я думаю, пачнуць з продажу фамiльнага срэбра. I Белтрансгаз тут першая ластаўка.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру