Сёння на Гарадскім стадыёне ў Барысаве пройдзе матч у адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і панявежыскім «Экранасам». Пачатак гульні, а 19-й.

Хто не трапіць у Барысаў, можа паглядзець гульню на тэлеканале «Лад», які будзе весці жывую трансляцыю.

Першая гульня, што прайшла 26 ліпеня ў Панявежысе, скончылася з лікам 0:0, а гэта азначае, што БАТЭ, каб выйсці ў плей-оф кваліфікацыі, патрэбна толькі перамога.

Каманда, што выйдзе ў наступны раўнд, у любым выпадку трапляе ў «футбольную восень», гэта азначае, што будзе гуляць мінімум у групавым турніры Лігі Еўропы. Каб трапіць у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, трэба будзе яшчэ выйграць стыкавы матч Лігі чэмпіёнаў. Няўдачнік сённяшняга супрацьстаяння адправіцца ў плей-оф Лігі Еўропы. Лёсаванне гэтай стадыі пройдзе 5 жніўня. Два гады запар спатыкаўся на 3-й стадыі кваліфікацыі, не прайшоўшы «Вентспілс» і «Капенгаген», але затым паспяхова гуляў у плей-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы.

На перадматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер беларускага клуба Віктар Ганчарэнка зазначыў: «Да матчаў Лігі чэмпіёнаў мы рыхтуемся ў прыўзнятым настроі, гэта бачна па трэніроўках, плюс дадатковых сіл і эміоцый дадаў паспяховы выезд у Віцебск. У аўторак мы разлічваем перамагчы і прайсці ў наступны раўнд. Хоць гульня, без сумненняў, будзе цяжкая. (…) Нашым козырам стане хуткая гульня, камандная хуткасць — і мы ўсё дзеля гэтага зробім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?