Вялізарная віна Лукашэнкі перад Беларусьсю ў тым, што ён «штогадовыя мільярдныя расейскія датацыі ня выкарыстаў эфэктыўна для мадэрнізацыі эканомікі». Пра гэта навуковец і палітык, акадэмік Вайтовіч заявіў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Росбалт‑Украіна».

Ён лічыць, што «для Лукашэнкі характэрнае невыкананьне дадзеных абяцаньняў і падпісаных дамоваў. Дзіўна, што Расеі спатрэбілася так багата часу, каб гэта зразумець. Але зразумеўшы, яна пачала пераходзіць на рынкавыя ўмовы ў гандлі зь Беларусьсю. Гэтая сытуацыя была даволі прадказальная. І вялізарная віна Лукашэнкі перад краінай у тым, што ён штогадовыя мільярдныя расейскія датацыі ня выкарыстаў эфэктыўна для мадэрнізацыі эканомікі».

Паводле словаў Вайтовіча, ад сёлета датацыі значна зьменшыліся, а неўзабаве й зусім спыняцца. «І ўсе пабачаць, што кароль (чытайце, так званая і шырока разрэклямаваная «беларуская мадэль» эканомікі) голы. Лукашэнка з‑за гэтага й губляе вытрымку і дапускае, мякка кажучы, недыпляматычныя выказваньні. У сытуацыі з нафтай Лукашэнка імкнецца выглядаць такім «крутым», каб пасьля пачаць рэклямную кампанію сваёй пэрсоны, перш‑наперш у Беларусі, на матыў (калі крыху ўтрыраваць): глядзіце, як я паставіў на калені Расею», — кажа экспэрт.

У параўнаньні разьвіцьця сытуацыі і рэакцыю ЭЗ з падзеямі леташняй т.зв. «газавай вайны» між «Газпромам» і ўкраінскім «Нафтагазам», Вайтовіч адзначыў: «Эўропа падтрымлівала Юшчанку і ня стане, вядома ж, падтрымліваць Лукашэнку. Яна разумее: з газам пытаньне вырашанае, вырашыцца і з нафтай».

Становішча ў Беларусі ў цэлым Аляксандар Вайтовіч пракамэнтаваў наступным чынам: «Адрозьненьні ад ранейшай сытуацыі відавочныя. Да існых раней варыянтаў неабходна дадаць яшчэ наступны: магчымыя і хуткія перамены».

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?