13 ліпеня 2006 г. пажарам была знішчана частка алтарнага ансамблю гродзенскага катэдральнага касцёла імя св. Францішка Ксаверыя. Алтарны ансамбль аўтара Ёхана Шміта, выкананы з дрэва, паходзіць з сярэдзіны 18 стагоддзя і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Урачыстае адкрыццё адноўленага алтара намаганнямі ксяндза Яна Кучынскага, адбудзецца 5 жніўня, а 12 гадзіне.

Як паведаміў для grodnensis.by кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнага касцёла ў Гродне: «будуць некаторыя адрозненні ў адноўленым алтары. Ён будзе выглядаць інакш, стане больш жывы і набудзе першапачатковы выгляд з пачатку XVIII ст. Калі 31 ліпеня 1736 г. падпісвалася ўмова паміж айцамі езуітамі і Ёханам Шмідтам, было адзначана, што пры будаўніцтве алтара яго неабходна падрыхтаваць да пазалоты. На жаль, гэтая ідэя не была рэалізавана. Толькі праз тры стагоддзі нам удалося зрабіць гэта. Адразу ж пасля пажару адбыліся паседжанні Камісій пры Міністэрстве культуры Беларусі і Міністэрстве культуры Польшчы. Польскі бок узяў на сябе правядзенне прац па адбудове і рэстаўрацыі алтара. Уся праца была праведзена ў некалькі этапаў. Першым этапам стала даследаванне ўцалелай часткі алтара, другім — адбудова спаленай канструкцыі разам са скульптурамі (былі знішчаны адна чацвёртая частка алтара і 4 скульптуры), трэцім этапам было фарбаванне і залачэнне. Безумоўна, падчас працы ўзнікалі розныя праблемы і складанасці, часам даводзілася і патарапіць, і пачакаць, але дзякуючы Богу і людзям добрай волі за 5 гадоў мы змаглі скончыць гэтыя тры этапы».

«Урачыстае адкрыццё адбудзецца 5 жніўня ў 12.00 у прысутнасці біскупаў Беларусі, прадстаўнікоў Міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама вялікай колькасці гасцей з Гродна і з-за мяжы. У 11.30 запланавана кароткая прэзентацыя гісторыі алтара да пажару і пасля яго, а таксама ходу рэстаўрацыйных прац. Затым адбудзецца прывітанне гасцей. А 12-й з сакрыстыі да алтара пройдзе працэсія, святары займуць прызначаныя ім месцы, а біскупы застануцца перад алтаром. Пасля прывітання вернікаў біскуп, які будзе ўзначальваць урачыстасць, асвяціць алтар».

Кс. Ян Кучынскі запрашае жыхароў Гродна і гасцей прыняць удзел ва ўрачыстасці з нагоды адкрыцця алтара і супольнай падзякі Богу за адноўленую святыню.

Праграма ўрачыстасці 4 — 5 жніўня

19.00 — Св. Імша

20.00 — Аднаўленне адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Ружанец з разважаннем Радасных таямніц (парафія Беззаганнага Зачацця НПМ, Гродна — Паўднёвы)

21.00 — Зварот. Час на прадстаўленне асабістых просьбаў і інтэнцый (Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту)

22.00 — Ружанец з разважаннем Балесных таямніц (парафія Адшукання св. Крыжа, Гродна — Пабернардынскі)

23.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (сёстры назарэтанкі)

24.00 — Св. Імша

5 жніўня

1.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (Акадэмічнае Душпастырства)

2.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля, Гродна — Дзевятоўка)

3.00 — Гадзіна Міласэрнасці (парафія Божай Міласэрнасці, Гродна — Вішнявец)

4.00 — Ружанец з разважаннем Хвалебных таямніц (парафія Св. Юзафа, Гродна, вул. Сухамбаева)

5.00 — Гадзінкі ў гонар НПМ

6.00 — Ружанец з разважаннем Таямніц святла (парафія МБ Анельскай, Гродна, айцоў францішканаў)

7.00 — Св. Імша — перад алтаром МБ Кангрэгацкай

8.00 — Св. Імша

9.00 — Св. Імша

10.00 — Аднаўленне адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту (парафія МБ Міласэрнасці — Аўгустовак)

11.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (моладзь катэдральнай парафіі)

11.25 — Заканчэнне адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту

11.30 — Прэзентацыя гісторыі галоўнага алтара

12.00 — Адпустовая св. Імша

Адкрыццё галоўнага алтара
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?