Як стала вядома, 1 жніўня часткова разбурылася найбольшая вежа замка XVI ст. у Камянцы-Падольскім ва Украіне.

Адбылося гэта пасля моцных дажджоў. Апроч залевы, прычынай абрынання сцяны называюць і памылку рэстаўратараў: падчас аднаўлення вежы у мур былі ўмантаваныя водаадводы. І, магчыма, вада дзесьці прасочвалася ў тоўшчу сцяны, паступова разбураючы яе.

На адбудову фартэцыі спатрэбяцца тры месяцы і 1 млн грывень (каля $125 тыс.), адзначаюць спецыялісты.

«Новая» або «Вялікая» вежа, найбольшая ў Камянецкім замку. Яна была прыбудаваная на знешнім баку замка ў 1544 годзе паводле апошняга слова тагачаснай фартыфікацыі. Магутныя муры, аднак, не ратавалі замак ад захопаў: у канцы XVII ст. Камянец-Падольскі зваявалі туркі і трымалі 27 гадоў.

Сёння замак — турыстычны дыямент Украіны. На яго рэстаўрацыю ў 2003—2007 гг. было выдаткавана 1,2 млн грывень, паведамляе «Камерсант-Украіна»

Маляўнічыя краявіды Камянца-Падольскага прываблівалі кінарэжысёраў. У замку і яго наваколлях было знята некалькі дзясяткаў гістарычных фільмаў. Сярод іх — «Чорны замак Альшанскі» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?