Фатум: хлопчык Ігнась загінуў пад шыльдай у гонар бацькі Ігната Дамейкі.

Сям'я Панасевічаў, Ігнат на каленях у мамы Алены. Фота 2008 г.

Мікалаеўскі касцёл у Міры. Фота Bialorus.pl.

Трагедыя здарылася ў суботу 30 ліпеня ў касцёле Святога Мікалая неўзабаве пасля вянчання. Вось што расказаў адзін з мясцовых жыхароў. Маладыя распісаліся ў пасялковым савеце, а потым разам з гасцямі праз дарогу перайшлі ў касцёл. Малады, кажуць з Гродна, каталік. Маладая — з адной з карэліцкіх вёсак.

Сярод гасцей быў 7-гадовы Ігнась Панасевіч з Брэста. На вяселле прыехаў з сям’ёй. У часе вянчання хлопчык апынуўся каля нішы ў сцяне, дзе была размешчаная мемарыяльная дошка ў гонар бацькі Ігната Дамейкі Іпаліта.

Невядома, ці тая дошка сама ўпала, ці хлопчык да яе дакранаўся, але ў выніку яна адвалілася ад сцяны і абрушылася на дзіця. Шыльда важыць больш за 200 кг, шанцаў у няшчаснага хлопчыка не было.

Вядома, што дошка пэўны час знаходзілася побач з касцёлам на вуліцы, а колькі гадоў таму была ўсталяваная ў сярэдзіне. Усталёўвалі яе супрацоўнікі адной з мінскіх фірмаў.

Сябар сям’і Панасевічаў брэсцкі гісторык Ігар Бараноўскі расказаў «НН», што маладыя, у якіх на вяселлі здарылася такая жудасная трагедыя, былі шакаваныя не менш за бацькоў хлопчыка.

Сп. Бараноўскі кажа, што нібыта тая дошка падала і раней, але, на шчасце, тады ніхто не пацярпеў. Па яго словах, Панасевічы апошні час жылі ў Польшчы, а цяпер на месяц прыехалі ў Беларусь, у тым ліку і на вяселле да сваякоў. Яны належаць да каталіцкай супольнасці «Новы шлях» (Chemin Neuf ), сына назвалі ў гонар заснавальніка ордэна езуітаў Ігнацыя Лаёлы.

Дарэчы, «Наша Ніва» змяшчала вялікі матэрыял пра гэтую вялікую, дружную сям’ю.

Ігната Панасевіча пахавалі ўчора, 2 жніўня, на могілках пад Брэстам. Непадалёк, дарэчы, пахаваны мастак Мікола Селяшчук, які таксама трагічна загінуў.

Цяпер здарэнне ў мірскім касцёле расследуе пракуратура. У карэліцкай раённай пракуратуры параілі звяртацца па падрабязнасці ў абласную. Але атрымаць там каментар пакуль не ўдалося.

Пробашч касцёла а. Аляксандр на дадзены момант знаходзіцца за мяжой, па каментары папрасіў звярнуцца па вяртанні ў Беларусь.

Трагедыя ў мясцовым касцёле — не адзінае здарэнне, якое ўзрушыла мірчукоў і патрапіла ў міліцэйскую зводку. У аўторак 26 ліпеня жудасны выпадак здарыўся каля Міра, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама. Трактарыст 1967 г.н. выйшаў са свайго К-701. Той пакаціўся, трактарыст паспрабаваў дагнаць яго, каб спыніць, але трапіў пад задняе кола і загінуў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?