Тэракт 11 верасьня 2001 г. у Нью-Ёрку, у выніку якога загінулі тры тысячы чалавек, выклікаў непрыхаваную радасьць амаль ва ўсім ісламскім сьвеце. Штогод падчас паломніцтва мусульманаў у Мэку гінуць дзясяткі, а то й сотні людзей. Захады бясьпекі з боку паліцыі не дапамагаюць.

Нядаўна ў Чырвоным моры патануў паром, на борце якога было 1,5 тыс. пасажыраў. Каля дзевяцісот чалавек загінулі. Афіцыйнай жалобы ў Эгіпце абвешчана не было. Футбольныя матчы на Кубак Афрыкі працягваліся. Лёс ахвяраў цікавіў толькі сваякоў загінулых.

У 1980-я гады падчас вайны паміж шыіцкім Іранам і суніцкім Іракам з абодвух бакоў загінула звыш мільёна чалавек. Антываенных акцыяў пратэсту ці хваляваньняў ні сярод шыітаў, ні сярод сунітаў у абедзьвюх краінах не было.

Ніякія тэракты, у тым ліку падрыў тэрарыстамі мячэтаў ды іншых сьвятыняў у Іраку ўжо ў нашыя дні, ня выклікалі акцыяў пратэсту ў мусульманскім сьвеце. Прынамсі — хоць у чымсьці падобных паводле маштабу на тыя, што выклікалі карыкатуры на прарока Мухамада. У тым, што гэтыя пратэсты былі загадзя сплянаваныя, не выклікае сумневу.

«Вось яна, вашая дэмакратыя!»

У сьнежні 2005 г. у Мэцы на саміце краінаў Ісламскай канфэрэнцыі (сустрэча была прысьвечаная шляхам зьмякчэньня супярэчнасьцяў паміж сунітамі і шыітамі) узьнялі пытаньне аб карыкатурах на прарока Мухамада. Дэлегацыя з Даніі прывезла малюнкі, апублікаваныя ў верасьні «Юландс постэн». Да дзесяці апублікаваных карыкатур былі далучаныя яшчэ дзьве неапублікаваныя. Кіраўнікі ісламскага сьвету вырашылі даць урок Захаду. Лібанскі навуковец Сары Ханафі сказаў у інтэрвію «Нью-Ёрк Таймз»: «Дэманстрацыі пачаліся як унутраная рэакцыя — мусульмане сапраўды былі абураныя. Але потым рэжымы пакарысталіся гэтым, заявіўшы: «Бачыце, вось яна, дэмакратыя, аб якой яны гавораць».

Найбольш зацікаўленымі ў антызаходніх пратэстах былі Сырыя й Іран. У ААН працягваецца расьследаваньне справы аб забойстве былога прэм’ера Лібану Харыры, у датычнасьці да якога падазраецца Сырыя. Іран яўна хоча зрабіцца супэрдзяржавай, што ня ўсім падабаецца ня толькі ў Эўропе й ЗША, але і Азіі. Так што імкненьне захапіць духоўнае лідэрства ў барацьбе з «шатанскім Захадам» і Ізраілем з боку Тэгерану ў хаўрусе з Дамаскам і рэлігійным рухам «Хамас» больш чым зразумелае ды прадказальнае.

Менш зразумелай выглядае млявая рэакцыя эўрапейскіх урадаў на антызаходніцкую кампанію, разьвязаную на Блізкім Усходзе й падтрыманую мусульманскімі грамадамі амаль ва ўсіх краінах. Толькі Данія на чале з прэм’ерам Расмусэнам амаль у поўнай ізаляцыі працягвае адстойваць эўрапейскія каштоўнасьці — свабоду слова і свабоду сумленьня.

Нарвэская «Магазынэт», францускія, польскія ды іншыя газэты перадрукавалі злашчасныя карыкатуры на знак салідарнасьці з дацкімі калегамі. Салідарнасьці ніколі не бывае замнога. Зразумела, публікацыя карыкатур на старонках «НН» сталася б для газэты актам самагубства. А гэта нікому не патрэбна. Але вызначыцца ў сваёй пазыцыі, адназначна выказацца ў падтрымку свабоды прэсы, у падтрымку заходніх журналістаў ёсьць, на маю думку, маральным абавязкам. Тым больш што журналісцкія ды праваабарончыя арганізацыі Даніі зрабілі нямала карыснага для падтрымкі вольнага слова ў Беларусі. Ня трэба на гэта забывацца.

Капітуляцыя на карысьць паліткарэктнасьці?

На пачатку лютага да амбасады Даніі ў Партугаліі выстройваліся чэргі, каб зрабіць запіс у адмысловай кніге з выказваньнямі падтрымкі дацкім журналістам.

Тым часам эўрапейскія топ-чыноўнікі — напрыклад, кіраўнік МЗС Брытаніі Джэк Стро — асудзілі публікацыю карыкатур, справядліва назваўшы сам факт абуральным, але не сказалі ні слова ў абарону Даніі й датчанаў. І гэта ўжо пасьля таго, як дыппрадстаўніцтвы Даніі й Нарвэгіі былі спаленыя альбо штурмаваліся натоўпамі фанатыкаў у Бэйруце, Дамаску, Тэгеране. Відавочна, брытанскі дыплямат забыўся, што ў Ангельшчыне знайшоў прытулак некалі асуджаны на сьмерць аяталом Хамэйні Сальман Рушдзі. Магчыма, зь меркаваньняў паліткарэктнасьці і ў парадку прабачэньняў трэба было выдаць Рушдзі Тэгерану?

Магчыма, афіцыйная Эўропа, у адрозьненьне ад простых грамадзянаў, не адышла ад шоку, які перажыла Францыя, а ўсьлед за ёй іншыя краіны падчас леташніх беспарадкаў і падпалаў аўтамабіляў у арабскіх кварталах буйных гарадоў. Данію тыя беспарадкі амаль не закранулі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што сярод краінаў Эўразьвязу ў Даніі найменшы адсотак беспрацоўных сярод імігрантаў, а таксама самыя высокія заробкі ды ўзровень сацыяльных гарантыяў, у тым ліку для замежнікаў. Пра надзвычай высокі ўзровень талерантнасьці ды поўную адсутнасьць расізму ў Дацкім каралеўстве няма патрэбы казаць. Верагодна, высокія эўрапейскія стандарты жыцьця выклікаюць асаблівую няпрыязнасьць у клерыкальных рэжымаў на Ўсходзе.

Праўда, нельга скідваць з рахунку прысутнасьць немалога дацкага кантынгенту ў Іраку. Але ж дацкі ўрад праявіў у гэтым канкрэтным выпадку трансатлянтычную салідарнасьць — у адрозьненьне ад Францыі і Нямеччыны, у якіх хапае ўласных палітычных амбіцыяў на Блізкім Усходзе.

Складваецца ўражаньне, што падзеі 11 верасьня толькі згуртавалі ЗША — у тым ліку інтэлектуальна. А вось дэманстрацыі ў абарону прарока Мухамада, здаецца, дэмаралізавалі Заходнюю Эўропу. Яна ўжо амаль гатовая капітуляваць — ня перад ісламам, а перад паліткарэктнасьцю, якая ўсё больш замяняе ў сучасным цывілізаваным сьвеце мараль.

Паліткарэктнасьць мне ўяўляецца адной з найбольш вытанчаных формаў расізму й ксэнафобіі. Пісьменьнік Сяргей Даўлатаў апісаў эпізод з удзелам ленінградзкай пісьменьніцы Веры Пановай. Аднойчы ў гутарцы зь ёй Даўлатаў выказаў думку, што калі б камуністы былі сапраўднымі інтэрнацыяналістамі, дык у савецкім урадзе павінны былі быць габрэі. «Дык вы антысэміт?» — зьдзіўлена запыталася Панова. «Чаму вы так лічыце?!» — абурыўся Даўлатаў, які быў напалову габрэй, напалову армянін. «А я думала, што ва ўрадзе павінны быць разумныя людзі», — патлумачыла пісьменьніца.

Назойлівае падкрэсьліваньне павагі да прадстаўнікоў іншых расаў, рэлігійных перакананьняў нярэдка выдае ў тых, хто шчыруе на ніве паліткарэктнасьці, унутраную грэблівасьць да тых, хто стаіць на больш нізкіх сацыяльных прыступках. Міжволі зь меркаваньняў паліткарэктнасьці часам на адну дошку ставяцца палітычная, рэлігійная і сэксуальная арыентацыя. Адсюль нараджаецца перабольшанае, амаль лісьлівае і таму наскрозь фальшывае стаўленьне да прадстаўнікоў т.зв. меншасьцяў. У нармальнага чалавека, якой бы арыентацыі ён ні быў, падобнае стаўленьне можа выклікаць толькі агіду. Пошлы анэкдот ці карыкатура ёсьць пошлымі, бо яны пошлыя й нясьмешныя — а не таму, што закранаюць нейкія табу. Калі прызнаць існаваньне «табу» ў культуры, трэба ўводзіць цэнзуру. Няма й ня можа быць забароненых тэмаў. Ёсьць толькі адказнае стаўленьне да іх, форма і майстэрства падачы. І яшчэ трэба памятаць пра аўдыторыю, зразумела. Менавіта дзеля гэтага пры паказе фільмаў па тэлебачаньні на экране высьвечваюцца лічбы абмежаваньняў ва ўзросьце. Астатняе — абавязак бацькоў.

Як казаў клясык, ня трэба змагацца за чысьціню — трэба проста прыбіраць за сабой. Ня трэба змагацца з расізмам і ксэнафобіяй. Трэба заставацца прыстойнымі людзьмі.

Зразумела, паліткарэктнасьць — вымушаная мера там, дзе не стае культуры (у тым ліку ўнутранай), ведаў дый проста розуму. Як не ставала элемэнтарнага розуму супрацоўнікам «Юландс постэн». Але ім, дарэчы, хапіла розуму й гонару некалькі разоў перапрасіць усіх мусульманаў за тое, што яны зьняважылі іхныя рэлігійныя пачуцьці.

Тузін нажоў у сьпіну цывілізацыі

У Беларусі, як і ў Расеі, не хапіла ні розуму, ні паліткарэктнасьці, каб чарговым разам ня выказаць радасьці з прычыны рэлігійных пагромаў. Прапагандысты рэжыму на розныя лады паўтараюць словы: «Вось яна, ваша хвалёная дэмакратыя!»

Між тым, барацьба з расізмам і ксэнафобіяй, якая разгарнулася ў расейскай Думе і прэсе, мае карыкатурны зьмест. Ніводзін расейскі фашыст яшчэ ня быў асуджаны за прапаганду расісцкіх перакананьняў. Тыя, хто прадаюць «Майн Кампф», абыходзяцца сымбалічнымі штрафамі, у Нямеччыне за такое б атрымалі немалыя тэрміны зьняволеньня. За забойства афрыканскіх студэнтаў у Расеі судзяць паводле артыкулаў «злоснае хуліганства».

Крывадушнасьць праяўляецца ня толькі на ўзроўні хітрыкаў юрыспрудэнцыі ці ўнутрыпалітычнага жыцьця. Яна стала целам і крывёю расейскае палітыкі.

Заходні сьвет быў уражаны запрашэньнем прадстаўнікоў «Хамас» на перамовы ў Маскву. Ізраіль назваў гэта «нажом у сьпіну». Атрымліваецца, што Расея, якая ўваходзіць у т.зв. «квартэт» на перамовах па мірным разьвязаньні канфлікту на Блізкім Усходзе разам з ЭЗ і ЗША, гатовая без усялякіх папярэдніх умоваў дамаўляцца з тэрарыстамі. «Хамас» дагэтуль яшчэ нідзе і ніколі не заўяляў, што ён прызнае права Ізраілю на існаваньне, гатовы раззброіць сваіх баевікоў і адмовіцца ад тэрарыстычных акцыяў супраць ізраільцянаў. Вашынгтон запатрабаваў тлумачэньняў ад Масквы. І ён іх атрымаў. З вуснаў міністра абароны Іванова прагучала заява аб тым, што «Хамас» перамог на дэмакратычных выбарах і з гэтым фактам трэба лічыцца.

Цікава было б ведаць, што перашкодзіла Маскве ў свой час уступіць у перамовы з Асланам Масхадавым — законна абраным прэзыдэнтам Чачэніі. Замест гэтага Крэмль загадаў забіць легітымнага прэзыдэнта. А ягоныя парэшткі ўрачыста дэманстраваліся па галоўных расейскіх тэлеканалах. Доказамі датычнасьці Масхадава ці іншых палявых камандзіраў да тэрактаў ніхто сябе не абцяжарваў. Між тым, «Хамас» не аднойчы браў на сябе адказнасьць за зьдзейсьненыя тэракты.

Калі прэзыдэнт Расеі заклікае «мачыць у сарціры» чачэнскіх тэрарыстаў альбо вынішчаць іх у пячорах, «як пацукоў», дык чаму ж Крэмль гэтак паблажліва і нават паважна ставіцца да палестынскіх тэрарыстаў?

Ды таму, што вельмі хочацца аднавіць свой статус «звышдзяржавы», краіны, зь якой вымушаны лічыцца Захад. На Захадзе адзначаюць новы тон, якім апошнім часам пачала гаварыць Масква. Гэта добра знаёмая з савецкіх часоў фанабэрыя. Тыя імпэрскія «ноткі» ня могуць не адчуваць і ў Менску, і наўрад ці яны надта падабаюцца кіраўніцтву Беларусі. Але хоцькі-няхоцькі цяперашні рэжым апынуўся ці вось-вось апынецца разам з Расеяй у адным лягеры з найбольш адыёзнымі рэжымамі ў сьвеце. Стаўка робіцца на ворагаў ЗША — Іран, Сырыю, Вэнэсуэлу. Ворагі нашых ворагаў — нашыя сябры. Цяпер, напэўна, сярод сяброў Беларусі апынецца «Хамас»?

Зразумела, ісламізацыя, тым больш мусульманскі экстрэмізм, не пагражаюць Беларусі — прынамсі ў бліжэйшай пэрспэктыве. Але ж быць уцягнутай у сусьветны ядравы канфлікт краіна з захаваньнем цяперашняга замежнапалітычнага курсу здатная.

Іранская прэса ў адказ на публікацыю карыкатураў на прарока Мухамада надрукавала сэрыю карыкатураў на галакост. На адной зь іх намаляваны Гітлер у ложку з Аннай Франк — габрэйскай дзяўчынкай, расстралянай гітлераўцамі. На мой погляд, трэба было б надрукаваць карыкатуры на прарока Мухамада і на галакост побач, каб людзі маглі параўноўваць і думаць. Хаця б над тым, як не зрабіцца ахвярамі новага галакосту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0