У сераду адбылася тэлефонная размова паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі. Як зазначае беларускае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, размова між Пуціным і Лукашэнкам была працяглай, і «падчас яе былі абмеркаваныя праблемы, што склаліся ва ўзаемаадносінах двух дзяржаў у гандлёва‑эканамічнай сфэры»

Гаворка, у прыватнасьці, у забясьпечаньні Беларусі энэргарэсурсамі, а таксама аб пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў краіны Эўропы. У выніку гутаркі і быў знойдзены кампраміс, падкрэсьлівае БЕЛТА, які «дазволіць разблякаваць наяўную сытуацыю, у тым ліку тую, што тычыцца транзыту нафты ў краіны Эўропы цераз Беларусь».

Зусім у іншай танальнасьці вытрыманае паведамленьне расейскага дзяржаўнага агенцтва ІТАР-ТАСС. У ім няма ніякай канкрэтыкі, адно зазначаецца, што размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Гаворыцца, што прэм’ер‑міністрам Беларусі і Расеі даручана цягам двух дзён выпрацаваць канкрэтныя прапановы па вырашэньні праблемных пытаньняў.

Неадкладна пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў беларускі ўрад паведаміў пра рашэньне адмяніць мыты на транзыт нафты, уведзеныя шэсьць дзён таму. А расейская "Транснефть" абвесьціла пра гатоўнасьць аднавіць пастаўкі нафты ва Ўсходнюю Эўропу праз нафтаправод "Дружба", спыненых у панядзелак. Пакуль няясна галоўнае: па якой цане будзе пастаўляцца ў Беларусь расейская нафта.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што заўтра ён мае вылецець у Маскву для сустрэчы з расейскім прэм'ерам.

Такім чынам, беларускія мыты пратрымаліся роўна пакуль у Расеі доўжыліся калядныя вакацыі.

Масква патрабуе ад Менска вярнуць 80 тыс. тон нафты.

Расея гатова аднавіць прапампоўваньне нафты ў магістральным трубапровадзе «Дружба», калі Беларусь «верне» забраную расейскую сыравіну шляхам прапампоўваньня гэтай нафты ў Эўропу, заявіў намесьнік кіраўніка расейскага Мінэканамразьвіцьця Андрэй Шаронаў. Раней урад Беларусі адмяніў пошліны нафты, увядзеньне якіх стала прычынай спыненьня яе прапампоўваньня па «Дружбе» ў Заходнюю Эўропу.

Шаронаў сказаў, што Расея патрабуе вярнуць каля 80 тыс. тон нафты, «забраных» Беларусьсю ў кошт уплаты пошлін , зь якімі ня згодная Масква. «Яна (Беларусь) магла б пачаць транспартоўку гэтай нафты. Гэта прыкладна чатыры гадзіны паўнацэннай працы. За гэты час «Транснефть» можа падрыхтавацца да аднаўленьня прапампоўваньня нафты з тэрыторыі Расеі, ‑ заявіў намесьнік міністра.

Як паведаміла Беларуская служба радыё "Свабода", апоўначы адбыўся пуск нафты па беларускім участку нафтаправода “Дружба” ў кірунку Украіны і Польшчы.

Расейскі бок настойваў на тым, каб першымі былі пададзеныя ў Эўропу 80 тысяч тон нафты, якія беларукі бок з 6 да 8 студзеня сканфіскаваў дзеля аплаты транзытнага мыта, цяпер ужо скасаванага.

Да канца серады на прадпрыемстве “Гомельтранснафта” чакалі загаду зь Менску з канцэрну “Белнафтахім” і дакумэнтаў з расейскай кампаніі “Транснефть”. У “Транснефці” чакалі тэлеграму з Беларусі, якая б гарантавала бясьпечны транзыт нафты без усялякіх умоваў.

Каля поўначы Беларусь пачала прапампоўваць 80 тыс. тон. Гэта заняло 8 гадзінаў. Каля 8.00 Расея аднавіла падачу чорнае сыравіны ў нафтаправод "Дружба".

Фота з сайту ИТАР-ТАСС

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?